Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсьні,
Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
І адазвалася мая палея сумнай песьняй.
Такой, якую ў нас паюць вясеньнім днём дзяўчаты:

ВЯСЬНЯНКА.

Ой, брала вясна у сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на сьвет траву-мураву,
Адзявала у лісьце бярозы.

Дзе толькі ня йшла яна, — з прыпала
Густа сеяла, сеяла кветкі,
На край сьвету гнала рэчкі яна.
Птушкам волю і голас давала.

Ой, выйду я, выйду на сенажаць,
Буду віць, завіваць вяночак,
Пяяць з салавейкам буду у тахт,
Сэрцу песьняй вясну выклікаці.

Прыдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне,
Абымі ты мяне, як друг мілы,
Пасей на душы мне долейкі мак,
А на сэрцы — пшанічку каханьня!

Каб доля, як мак цьвіце, зацьвіла,
Каб каханьне расло, як пшанічка,
Каб мілы мяне мой верна любіў
І галубіў ў сьвятліцы, як шчасьце.

Зьвінела песьня і зьлівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасьцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак…
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.


З зборніка: „Безназоўнае“.

Безназоўнае.

1.

Спачатку яно шалясьцела
Вельмі нясьмела,
А потым лізнула ваконца
Ціха, як сонца.

Назаўтра ўзьняло галасочак,
Нібы званочак,
Ды ў час празьвінела так далей
Збуджанай хваляй.

На трэці дзень чуцен быў гоман,
Хоць і надломан,
Але ўжо больш вольны, дасьціпны,
К сэрцу прыліпны.

А далей яно зашумела
Надта ўжо сьмела,
Аж водгульле ў сьветы пабегла
Здольна, разьлегла.

Па пушчах пашло бураломан
Дома, за домам.