Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сяўба.

Ральля падсохла, мяккай стала воўнай,
Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай,
Як ад бацькоў наўчыўся змалку.

Ад тэй, што ад зімы засталась, часткі,
Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмерылі мы з ёй са дзьве шаснасткі[1]
У мех, рукой яе пашыты.

І выйшаў сеяць я. Яна стаяла
Непадалёк мяне, на ўзьмежку;
У высях сонца золатам зіяла,
Ўнізе плыў вецер сваёй сьцежкай.

Пасыпаліся дробныя зярняты
Ў ральлю, як пацеркі янтарны[2]
На наш загон, сахою узараны,
На мой шнюрок — палетак ярны.[3]

Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой сьлядзіла,
І, як-бы Багародзіца сьвятая, —
Здавалася мне — блаславіла.[4]

Лажэцеся ў ральлю, зярняткі, спаткі,[5]
Накрыйцеся пасьцілкай-скібкай,
Пасьля збудзецесь, выгляньце з краваткі,[6]
Як воўна — густа, як дзень — шыбка!

Расьцеце высака, расьцеце буйна,
Як гэта пушча за дарогай!
Малецеся да бела-бога чуйна,
І чорнага ня гнеўце бога!

Каб не паспалівалі вас сьпякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!


Поліць[7] агародніну.

Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады;
Благое зельле вырывала, кідала у пасьцілку,
Дзе каліў ня было, — дасаджавала там расады,
Там прарывала, дзе ўзышло за густа праз памылку.

  1. Мерка ў 16 гарцаў.
  2. Янтар — акамянелая смала, якую дабывалі на дне Балтыцкага мора, жоўтага колеру. Беларусь некалі славілася гандлем янтаром; завецца і бурштын.
  3. Ярны, з ярыной, вясеньнім пасевам.
  4. жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.
  5. Зьменшанае ад дзеяслова — спаць.
  6. Русіц. — з ложка.
  7. Правільна — поле, ачышчае ад травы, полець.