Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



IV.

«Адзін, адзін раз толькі ў год
«Зьбірацца можам з ласкі Рока[1],
«Каб лет іржавы карагод
«Зганяць з мінуўшчыны далёкай.
«Нас не кранулі косы зьмен:
«Царым мы ў дум жывых гэйнале[2],
«Хоць на падмурах гэтых сьцен
«Другія наш пасад занялі.
«Багі другія верх бяруць,
«Суды вядуць над нашым краем,
«Сьвяцільні-ж нашы не замруць,
«Што ў сэрцах вольных расьсьвятляем.
«Прашу паклікаці ганцоў
«І месца даці ім па чэсьці:
«Ад нашых стоптаных капцоў
«Якія нам прыносяць весьці?..»

V.

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў сьвятліцу,
Ідуць суважнаю ступой,
І князю, й княжне пакланіцца. —
А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланыя праменьні:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Усе усюдах зводзіў цені.
А быў другі і з ног, і з рук,
Як гром з жывымі пярунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук
І лук стальны меў за плячамі.
А трэці быў і раб, і цар,
І слаб, і дуж ўва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць, молад быў і стар;
Меў гусьлі — на грудзёх віселі.

VI.

І першы князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
«І відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
«А толькі ўсё той самы лад:
«З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
«Ці йдуць уперад, ці назад,
«Відны сьляды цямрычнай ласкі,

  1. Бог лёсу.
  2. Гімн, урачастая песьня пад трубны гук.