Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары[1].
Вылазе[2] з цемры бледны звод[3],
Глядзіць сьліўнём[4] на долы, горы.
І тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
I тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

II.

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Ня сьпіць адвечнае замчышча[5]
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнях старога папялішча,
Іскрыстым, блескатным сьвятлом
Заліты княскія сьвятліцы,
Дружына вольная кругом
Сталоў дубовых варушыцца.
Золататканы абрусы[6]
З сталоў зьвісаюць дыванамі,
На абрусох чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць.
Даўно бываламу жыцьцю
Дары належныя складаюць.

III.

На беласьнежны на пасад
Усходзе князь, усходзе княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць, задумчыва, суважна.
Агні брыльлянтаў, як зарніц,
Зіяюць з княжаскай кароны, —
Краса б’е з князеўных зраніц[7],
Як блеск маланак развуглёны.
Зьвярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
Бярэ коўш соладка[8] віна,
П’е за дружыну маладую,
І княжна з князем п’е да дна;
Князь рэч вядзе да ўсіх такую.

  1. Полён. — лятункі.
  2. Вылазіць.
  3. Дух абману.
  4. Ядавітая зьмяя.
  5. Руіны замку.
  6. Ужываецца — настольнікі, настольніцы.
  7. Вачэй.
  8. Салодкага.