Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


Вось настроіў, навёў тон у струнах, як сьлед,
Ня зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.

VI.

„Што-ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьнябай,
„Славай хат маіх подданых слаўны?!
„Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай!
„Князь умее плаціць нязвычайна!
„Запяеш па душы, дасі ўцехі гасьцям —
„Поўны гусьлі насыплю дукатаў;[1]
„Не пад-мысьль[2] песьня будзе каму небудзь нам —
„Канапляную возьмеш заплату.
„Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
„Многа знаю і чуў аб табе я, —
„І я сам, як і ты, так табе запяю…
„Ну, пара пачынаць, добрадзею!“
Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр:
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеньнях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

VII.

„Гэй, ты, князь! гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет!
„Не такую задумаў ты думу, —
„Не дае гусьляром сказу золата цьвет,
„Белых хорамаў п’яныя шумы.
„Скурганіў-бы[3] душу чырванцом тваім я;
„Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў:
„Небу справу здае сэрца — думка мая,
„Сонцу, зорам, арлом толькі роўна.
„Відзіш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
„Ім пакорны я толькі з гусьлямі.
„Сілен, княжа, каваць, галаву сілен зьняць, —
„Ня скуеш толькі дум ланцугамі.
„Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог —
„Б’е ад сьцен, цэгел лёдам зімовым, —
„Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
„І душу — як скляпоў гэтых сховы.

VIII.

„Глянь ты, слаўны ўладар,[4] на палеткі свае:
„Сарачні там сох бачыш, як блудзе,[5]
„А ці чуў ты, аб чым там араты пяе?
„Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

  1. Монэт.
  2. Лепш. — думка.
  3. Зрабіў-бы курганам, сапсаваў-бы.
  4. Старабаўг. — валадар.
  5. Провінц. — блудзіць.