Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


„Глянь у лёхі[1] свае, ў пад’зямельлі глянь, князь,
„Што настроіў пад хорамам гэтым:
„Брацьця корчацца там, табой кінуты ў гразь,
„Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых.
„Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
„Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжа,
„Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць,
„Кроў, якой і твая моц[2] ня змажа?
„Ты брыльлянтамі ўсыпаў атласы[3] і шоўк —
„Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
„Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок,
„Гэта, княжа, твае саматканы.

IX.

„Стол ты ўставіў ядой, косьці шмат пад сталом, —
„Гэта косьці бядноты рабочай.
„Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
„Гэта сьлёзы нядолі сірочай.
„Хорам выстраіў[4] ты, твайму воку так міл,
„Адшліфована цэгла і камень, —
„Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл,
„Гэта сэрц скамянеўшыхся пламень.[5]
„Люба чуці табе скочны музыкі звон:
„Ты, дружына — пьяцё асалоду, —
„А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
„Стогн пракляцьця табе, твайму роду?!
„Ты зьбялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа, ўладар!
„Госьці хмурны, а дворня зьнямела…
„Ну, што, княжа? пара даць за песьню мне дар!
„Выбачай, калі сьпеў мо’ няўмела“.

X.

Князь стаіць, князь маўчыць; жуда, помста б’е з воч;
Гулі зглухлі ні жартаў, ні сьмехаў…
Думаў князь, выдумляў, дрогнуў шабляй на ўзбоч,
Толькі з лоскатам выбегла рэха.
„Гэй, ты, сонцу раўня, не на тое пазваў[6]
„На вясельле цябе сваей княжны!…
„Ты — шалёны, старык![7] хто цябе дзе хаваў?
„Ты, знаць,[8] вырадак цемры сярмяжнай.
„Ты адважыўся мне на сьляпы перакор
„Вызваняці сусьветныя трэлі;
„Платы маю шмат я для такіх непакор,
„Хто сябе проці мне стаць асьмеліў.
„Я пакнязеўску ўсім і плачу, і люблю;
„Ты ня хочаш дукатаў, — ня трэба!…
„Ўзяці старца і гусьлі жыўцом у зямлю!
„Знае хай, хто тут пан: я, ці неба!“

  1. Ням. — нара, падзямельле.
  2. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  3. Дарагая матэрыя.
  4. Лепей — выбудаваць.
  5. Стара-баўгар. — полымя.
  6. Русіц. — паклікаў.
  7. Таксама — старац.
  8. Таксама — мусіць.