На вясельле-разгул наплыло, як на сход,
Госьцяў знатных зусюль, за паўсьвета;
Гэткай гучнай бяседы ня помніў народ.
Гэткіх скарбаў, брыльлянтаў, саетаў![1]
Дзень — другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі зьвінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі, ўсяго госьці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху, забаву:
Загадаў ён пазваць гусьляра-старыну,
Гусьляра з яго ведамай славай
Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра;
Песьня-дума за сэрца хапала;
Ўвакруг гэтай душы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песьняй, —
Сон зьлятае з павек, болю цішыцца стогн,
Ня шумяць ясакоры, чарэсьні;
Пушча-лес ня шуміць, белка,[2] лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рака, як што дзень, ня бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае;
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня[3] вечнага «піць» не заводзе;[4]
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.[5]
Прывяла гусьляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзілі на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.
Нявыдумная сьвітка — убор на плячах,
Барада, як сьнег белы — такая,
Нязвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гусьлі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцы ладзіцца, строе;[6]
Водклік б’ецца ад струн па сьцюдзёных сьцянах,
Заміраючы ў сковах пакояў.
|