Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Курган.

Памяці С. Палуяна.

I.

Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў каранасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося,
Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.[1]
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі з краю да края, —
Ён стаіць — гэта памяць людзкая — паказ…
Толькі гутарка ходзе[2] такая.

II.

На гарэ на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня, ці болей,
Белы хорам стаяў недаступнай сьцяной
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах у яго расьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх[3] і пахані[4] чорнай,
Сонных вёсак шары,[5] хат амшалых, як мар,[6]
Хат з сямьёй душ падданых, пакорных
Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам,
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі ня знаў непакорам
Зьневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы[7] князевы ў полі і дома,
Толькі модлы[8] расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма.[9]

III.

Раз бяседа вялікая ў князя была
На пасад дачку-княжну садзілі,
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

  1. Провінц. — галосіць.
  2. Таксама — ходзіць.
  3. Вынёслых, тонкіх.
  4. Русіц. — ральлі.
  5. Рады.
  6. Таксама — марункаў.
  7. Старабаўгар. — варта.
  8. Полён. — малітвы.
  9. Полён. — тайна, патаемна.