Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу, —
А шырока, а глыбока,
Колькі хваце[1] сілы.
Так капайце днём і ночай,
Помачу[2] склікайце, —
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
*
Гэй, ударце, загудзеце,
Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
Дома не залежаў.
Так зьвінеце, не кідайце,
Дружыну склікайце…
Хаўтуры ўжо свае будзе
Беларусь спраўляці.
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
Слаўныя музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
Як ёсьць сьвет вялікі.
Так іграйце, каб было ўжо
І глухім чуваці, —
Каб маркотна ня было спаць
Беларусі-маці.
*
Гэй, зьбірайцесь на памінкі,
І сыны, і дочкі,
Справім гучную бяседу
Пад аслонай ночкі.
Сабірайцесь, дый ня сьнеце
Галасіці звонка, —
Памінаць бо толькі будзем
Родную старонку.
Наша песьня.
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя.
Хоць нуды ў табе шмат, вылівана сьлязьмі,
Дума-песьня няхітра складаная,
Але нашая ты; недруг, спробуй вазьмі!..
Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.
Як на небе зара, ці як думка ў душы,
Не скуешся няволі ты путамі:
Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —
Запяешся людзьмі і закутымі.
Пей-жа, песьня, дзень, ноч, песьня родная нам,
Апявай жыцьцё наша праклятае,
І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,[3]
Наўчы, як найці шчасьце багатае.
Зазьвіні ты, як звон, і ўдар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя…