Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ворагам Беларушчыны.

Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова? —
Паверце, вашай ён ня ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
З якім радзіўся, падрастаў.

Цяпер і вы загаварылі,
З апекай вышлі, як з зямлі;
А што-ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе-ж дагэтуль вы былі?

Ваш брат і цёмен, і галодны;
Хацінка свой зжывае век;
І век ня знаў ён дум свабодных,
І крыўдзіў свой брат — чалавек.

Вам страшна нашай сьлёзнай песьні,
І жальбы страшна вам глухой?
Вам жутка сонца на прадвесьні?
Мілей вам холад з цемнатой?

А што-ж вам беларус такога
Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць!

Эх, кіньце крыўдамі карміцца —
Кожын народ сам сабе пан;
І беларус можа зьмясьціцца
Ў сям’і нялічанай славян!

Напасьцяй, лаянкай напраснай[1]
Грудзей ня варта мазаліць —
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус — і будзе жыць!

Ня столькі „хамскія“ натуры
На карках вынесьлі сваіх!
І сьвіст даношчыкаў пануры,
Паверце, не запудзіць іх!

К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед!


  1. Рус. — дарэмнай.