Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Думкі, сэрца, паглёд[1]
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр і забыў[2],
Каб нічога ня дбаць,
Сьмела ў даль паглядаць,
Быць самым не на сьмех…
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Хтось — сваяк, не сваяк —
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Мо’ і лёгкія дні…
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні вагонь, ні вада…
Само шчасьце, сам сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…

|}


Былі ў бацькі тры сыны…[3]

Былі ў бацькі тры сыны,
Ды ўсе-ж яны Васілі.
Адзін служыць у дварэ,
Поле панскае арэ;
Другі стражнікам з іх стаў,
Куляй, шабляй засьвістаў;
Трэці згінуў у баю
За свабоду і зямлю.
Бацька ў вёсцы сваей сьпіць,
І дуда пры ім ляжыць;
Ён часамі дзьме ў яе,
Песьню нудную пяе:
Ой, ты, дудка, ой дуда!
Бяда жыці мне, бяда!
Не вяселіш ты мяне
Ў маей беднай старане.


Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не пануе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзе[4] ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі
Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване[5],
Будзе ўнукам нашым жніва —
Доля — панаваньне.
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
Посьле непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе!


  1. Пагляд.
  2. Ужываецца больш — запамятаваў, забыўся.
  3. Пускаецца як узор насьледаваньня народных матываў, над якімі пасьля Купала папрацаваў даволі шмат.
  4. Правінц. — усходзіць.
  5. Непагараная зямля; мурава.