Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сінія хвалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай, —
Здасца там гэтакі голас чуваць:
«Гэй, ня дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі[1] мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.
«Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
Некалі бераг мой бачыў і знаў:
Іншы меў выгляд — ня гэткі жабрачы,
Іншы я плыт на плячах сваіх гнаў.
«Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет.
Песьні і казкі інакшыя баіў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет
„Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшнай была.
«Панам быў дома і слаўным за домам
Мой патаптаны сягоньня народ,
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам. —
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
«З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў —
Слухаў, што веча яму звон казаў.
„Чую, ах, чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон…
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;[2]
Ці адазьвецца калі болей ён ?…
«Так, так, мой дружа, іначай бывала, —
Не называўся забытым мой край;
«Поўнач» ня раз у ім схову шукала,
«Захад» знаў сілу яго неўнарай.[3]
«Га, а цяперака што гаварыці?…
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,[4]
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.
«Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыцьцём, —
Роднага-ж краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
«Я іх ня ваблю[5] сваею ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, —
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве.
Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/18
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная