ларускага народу, як нацыі, многа выліта памыяў, уся істота яго прыніжана і мова яго асьмеена, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігэнт адмяжоўваецца ня толькі ад свайго народу, але й ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэньне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госьці. Ён пры госьцях не пасьмеў прызнаць свае мацеры.
— Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць.
КАНЕЦ ЗАНЯТКАЎ.
Лабановіча што раз усё болей пачала цікавіць Ядзьвіся. Ад старажыхі ён даведаўся аб трагедыі ў сям’і падлоўчага і аб прычынах смутку Ядзьвісі.
Да яго заехаў Саханюк. Сказаў што ім цікавіцца дочка каморніка — Людміла з Завітанак, якая празывалася Завітанскаю чараўніцаю. Пазнаёміцца з паннай Людмілай радзіў Лабановічу і пан падлоўчы. Яшчэ раньней ён чуў аб ёй у пісара і сьвяшчэньніка. Пры новых адведзінах у бацюшкі зноў гаварылася аб ёй. Аднойчы Лабановіч сустрэўся з п. Людмілай па дарозе ў лесе і ў карчме. Урэшце дастаў запрашэньне на вечарынку да пісара, дзе і пазнаёміўся з ею.
Тым часам ён думаў болей аб Ядзьвісі, якая сама што раз болей цікавілася Лабановічам. Жывучы ў суседзтве, яны мелі не адзін выпадак бачыцца і сыйсьціся бліжэй. Адносіны іх ставаліся падобнымі да любоўных.
З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, зьбіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.
Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Сяляне з сохамі, каробкамі і мяшкамі з аўсом выяжджалі на поле. Жалобна крычэлі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, над вадою, як-бы яны шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку па лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Гэта буханьне на далёкай адлегласьці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесься асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з нязвычайнаю сур’ёзнасьцю хадзілі па краёх балот або ляталі да сваіх гнёзд на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя за зіму палацы. Там і сям на акраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі зьвісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі ўжо павыбіваліся на сьвет скрозь сухія выцьвіўшыя лісьці, і прынадныя пахі разьлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя спробамі жыцьця за свой доўгі век, ня вельмі сьпяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль сьвежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб — мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны.
Настаўнік спыніўся з вучнямі на сухім месьце ў лесе і вёў з імі размову аб тым, што бачылі перад сабою і а значэньні тае справы, дзеля якое яны прышлі.
Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Лабановіч доўга шукаў маладую грушку. Ён хацеў найсьці прыгожанькую грушку і пасадзіць яе на памяць а сваёй каханай.