парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці ня гэта, нікім неказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі й запісвалася агнявымі літарамі людзкае крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што йшлі й ехалі па гэтых шляхох і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапісь часоў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму й грознаю маланкаю жахнуць гэту цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная й страшная бясконцасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымбалямі[1] якіх зьяўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем і кліча яе зьліцца з бяскрайнасьцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездаваленьня людзкога, таемны покліч да шуканьня другіх формаў жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то — парываньне душы разьбіць нейкія граніцы й вырвацца на бязьмежныя прасторы яшчэ нідзе няістнуючай волі?
Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя й напісаныя часамі на гэтых камлёх тваіх прысадаў?
— Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! — казаў Турсэвіч сябру, паказваючы з ганку свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі: — які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнку й колькі ў ім рознастайнасьці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!
— Я аднаго не разумею, — сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы ўвесь краявід: — у нас столькі прыгоства, столькі багацьця формаў і фарбаў, і край наш вялікі й рознастайны, а мы ня бачым, ня хочам гэтага бачыць. Аб нашым краю злажыўся погляд, як аб краю бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках па географіі ня знайдзеш больш-менш сталага апісаньня Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўна? Нічым. Вось балоты там ёсьць, ды яшчэ на ўвесь сьвет вядомая хвароба — каўтун. І мы з гэтым лёгкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прыймаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблён[2], шаблён пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы зьмест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! — Слова „стыдаемся“ Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраз яго твару зьмяніўся, а ў вачох загарэўся агоньчык нейкай злосьці. У ім абудзіўся цяпер, скарэй інстыктыўна,[3] чым сьвядома, пратэст проціў зьняважаньня й прыгнячэньня нацыянальных правоў народу, і ён, як сын гэтага народу, з якім ён чуў цесную сувязь, стаў на абарону гэтых правоў.
— Кожны народ мае свой гонар. Ангелец перад усім сьветам горда зазначае: я — ангелец! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыяк, расеец і іншы прадстаўнік другое нацыі. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву бе-