франтавы галстук. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але мала выразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Таксама была ў яго яшчэ адна загана, загана вымаўляньня: ён ня мог сказаць чыста „р“, а нейк скрадаваў яго й казаў „й“.
— Ты, Мат’ёна, калі я ня п’іду, то астаў абед на вячэю.
Настаўнікі вышлі.
— Куды-ж наўперад пойдзем?
— А давайце пачнём па парадку, каб нікому ня было крыўдна, — адказаў Лабановіч.
Зрабіўшы колькі крокаў,[1] Лабановіч і Саханюк узашлі на ганак валаснога праўленьня.
— Зойдзем да канцэлярыі, — сказаў Лабановіч: — за адно трэба ўзяць паперы і ўсе вучэбныя прылады.
Настаўнікі пераступілі парог і апыніліся на зборнай. Зборная была прасторна, як абора[2]. На працілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі[3], стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсьле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокаю барадою, напалавіну сівою. Міна яго была нязвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як-бы ён толькі-што занюхаў табакі й зьбіраўся чхнуць. Ня гледзячы на тое, што ў канцэлярыі было цёпла, пісар сядзеў у валенках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся ад’знакі хваравітасьці й сьляды калісь вясёлага жыцьця й п’янства, у якім пісар ня меў сабе роўных у воласьці. З гарэлкаю ён ніколі не разлучаўся. Сядзіць у канцелярыі, а ў шафе сярод „гражданских и уголовных дел“[4] стаяла бутэлька з „царскімі сьлязьмі“, як называлі тагды гарэлку, да каторай часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласьці. Праўда, такіх часаў у яго было ня так-то многа і ён прыходзіў сюды ў выпадках рэдкіх і важных; усю-ж работу па воласьці вёў яго памочнік, Дубейка, які ўжо лічыўся кандыдатам[5] на пісарскую пасаду. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку й манкеты й лічыў сябе найпершым кавалерам; старанна прычэсаныя валасы й частае зазіраньне ў люстэрку сьведчылі аб тым, што і ў яго сэрцы засела завітанская паненка.
МАРЫНА І ЯДЗЬВІСЯ.
Лабановіч адведаў сям’ю пісара, дочкі якога цягнуліся на паненак, потым зайшоў да сьвяшчэньніка. Усё гэтае грамадзянства, замкнёнае ў рамкі свайго „балота“, будзённых інтарэсаў — мясцовых плётак — ня вельмі падабалася Лабановічу. Вярнуўшыся дамоў, на адным з сваіх спацыраў ён спаткаў вельмі прыгожую паненку і адведаў свайго суседа, у якога былі дзьве дочкі: малодшая, гадоў 14 — Габрыня і старшая, панна Ядзьвіся ды хлапец-вучань — Чэсь. Тут-жа ён даведаўся, што паненка, якую ён сустрэў на спацыры — была дочка будачніка — Бабініча — Марына. У хуткім часе Лабановіч адведвае і дом будачніка, дзе знаёміцца з ніжэйшымі служачымі чугункі, якія стаялі ў сваім разьвіцьці зусім нізка. Тут-жа пазнаёміўся ён бліжэй і з Марынай.