Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

магае падатак вашага грамадзянства, то я быў-бы вам вельмі ўдзячны. Гэта было-б і скарэй і прасьцей, бо мне яшчэ ніколі не даводзілася выступаць у ролі візытанта[1].

— А вы чаго-ж так сьпяшаецеся? Разумеецца, я з вамі пайду, тым болей, што й мне трэба зайці да таго, другога, але адаслалі-б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі-б.

— Не, калега. Я яшчэ да работы не прыступаў у школе. Вы, нябось, многа ўжо пасьпелі і я не даганю вас за ўсю зіму. Мне хацелася-б і павучыцца ў вас сяму-таму, бо вы ўжо набілі, як кажуць, руку й маеце практыку.

Дзьверы з другога пакоіку адчыніліся, і на парозе паказалася ўжо немаладая кабеціна. Гэта была старожка. Яна перш уважліва паглядзела на незнаёмага настаўніка, а потым сказала свайму настаўніку паляшуцкаю гаворкаю.

— Да вас, панычу, там маладыцы прышлы лыст напысаць хочуць.

— А сала прынясьлі?

— Ні відаю, панычыку.

— Выбачайце, — сказаў Саханюк да госьця: — я пайду адпраўлю гэтых маладзіц.

І Саханюк пакіраваўся ў кухню, а старожка Матрона, яшчэ раз аглядзеўшы госьця, таксама пашла да кухні. Ясна, хтось даў ёй наказ, як можна лепей разглядзець Лабановіча, каб навясьці аб ім сталыя спраўкі і, як відаць, наказ гэты быў дан ня так здалёку, бо, счакаўшы мінуты дзьве, Матрона матнулася праз вуліцу, маючы кірунак да кватэры пісара.

Астаўшыся адзін, Лабановіч акінуў вокам пакоік свайго калегі. Кватэра гэта была многа лепшая ад яго кватэры.[2] Было відаць, што Саханюк жыў някепска, прасядзеўшы ў гэтай школе гадоў пяць. І наагул, Саханюк быў больш практык, чалавек матэрыялістычнага[3] складу. Нейкім чынам умудрыўся ён за гэтыя пяць гадоў, адтрымліваючы дваццаць рублёў пэнсіі на месяц, сабраць капітал у пяць-шэсьць соцен і меў сваю гаспадарку. „Жылаваты чалавек ты, браце!“ — падумаў Лабановіч: „нават за напісаньне лісту не саромяешся браць сала“. На століку ляжалі школьныя журналы. Разгледзеўшы іх, Лабановіч прышоў да заключэньня, што яго калега ня так далёка адышоўся з вучнямі і праканаўся, што ў асобе Саханюка ён ня будзе мець для сябе настаўніка і тут-жа зазначыў, што супольнага між імі вельмі мала і што блізкімі сябрамі яны ніколі ня будуць.

— Ну, цяпер я вольны, можам ісьці, — сказаў увашоўшы Саханюк і падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукою па шчоках, ці добра пабрыты,[4] і прычапіў больш

  1. Франц. — наведчык, адведчык, той, хто адведвае кагосьці.
  2. Пабелар. лепш — за яго кватэру.
  3. Матэрыялістычны сьветапагляд у соцыялёгічным сэнсе гэта такі, які уважае абставіны, наагул матэрыю за галоўны чыньнік грамадзкага жыцьця. Дух, вытвар духа ёсьць другарадная зьява, злужыць адбіткам закладу матэрыяльнага. Гаспадарчыя абставіны, а ня дух — ёсьць галоўны заклад гістарычнага разьвіцьця. Тут ужыта слова ў звычайным, жыцьцёвым сэнсе, азначае чалавека, які кладзе найбольшую вагу ў асабістым жыцьці на грошы, дабрабыт, на матэрыю, чалавек, які ня цікавіцца пытаньнямі вышэйшага парадку. Гэта трэба вельмі разрозьніваць: матэрыялісты ў соцыялёгічным і ў жыцьцёвым сэнсе. Ёсьць і другія роды матэрыялізму. Усюды ўжываецца, як праціўнасьць ідэалізму.
  4. Русіц. — паголены.