І само сабою напрашалася параўнаньне гэтых дзьвюх дзяўчын. Панна Марына, бяз спрэчкі, мела перавагу над Ядзьвісяю ў харастве, але разам з гэтым Марына ўступала Ядзьвісе ў разнастайнасьці праяўленьня жыцьця. Марына была ціхая, сталая дзяўчына й напэўна вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына і, адлучыўшы ад яе хараство, гэту дзявочую вывеску, ад яе засталося-б мала, тагды як Ядвіся была натура больш многалучная, больш жывая, якая яшчэ ня выявілася й не сфармавалася ў пэўны характар.
Лабановіч усьміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двох стагоў. Ён спыніўся й пачаў разважаць, да якога стага яму пакіравацца. Разважаў да таго часу, покі ня выпрастаў ногі.
А ўканцы Лабановіч вывеў такое заключэньне, што гэтыя дзьве дзяўчыны захаваюць яго ад таго, каб закахацца ў каго з іх, і яму стала весела.
ЛАБАНОВІЧ І ТУРСЭВІЧ.
Жывучы ў вёсцы Лабановіч знаёміўся з сялянамі, хацеў падыйсьці да іх бліжэй, мірыў іх у сварцы, пробаваў зьбіраць іх да школы, чытаць ім, заахвочваць да вучэньня і г. д. Але з гэтага нічога ня выходзіла. Жыцьцё селяніна, яго думкі былі далёка ад усяго таго, што гаварыў ім вучыцель. Ды і Лабановіч ня мог зусім зьліцца з гэтаю гушчаю, што асабліва выявілася ў спатканьні з вясковаю красуняй, якую ён абразіў. Лабановіч усе думкі скіраваў да тога, каб найлепш паставіць школу. Але яму усё здавалася, што яму гэта не ўдаецца і ён рашыў паехаць параіцца да свайго старэйшага сябра Турсэвіча.
— Скажы ты мне, братка Алесь, — пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасьцелі: — для чаго чалавек на сьвеце жыве? 3 некаторага часу мяне цікавіць гэта пытаньне. Аб гэтым пытаў я нават і сваю бабку.
— Ну, для чаго-ж ён жыве, — прамовіў Турсзвіч.
Сябры громка засьмяяліся.
— Тут ужо, брат, нейкая філёзофія[1]. І я думаю, што для немца, напрыклад, такое запытаньне і ў галаву ня прыдзе.
— Чаму?
— А таму, што немец — чалавек практычны. Разрашэньне-ж гэтага пытаньня не дае ніякага практычнага рэзультату.
— Значыцца, немец ня ведае, чаго ён на сьвеце жыве? — запытаў Лабановіч.
— Ну, каб такі кілбасьнік ды ня ведаў, чаго ён жыве!
Сябры зноў засьмяяліся.
— Чалавек жыве дзеля дабра, для служэньня праўдзе, каб ствараць нейкія вартасьці жыцьця й каб быць карысным для другіх, — сказаў Турсэвіч.
— Гэта, брат, ён так павінен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасьць. А справа тут стаіць зусім проста і ў гэтым сэнсе ёсьць толькі адна мерка, якая падыдзе да кож-
- ↑ Грэцкае — у розныя часы разумелася інакш; цяпер — навука аб закладах пазнаньня і быцьця.