САХАНЮК.
Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Дзьверы былі замкнуты. Лабановіч пастукаў. У глыбіні кватэры зараз-жа грукнула крэсла й пачуліся крокі. Дзьверы адчыніліся.
— Выбачайце. Дома настаўнік?
— Вот я. Заходзьце, калі ласка.
Лабановіч пашоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.
— Пазвольце пазнаёміцца: ваш калега й сусед — Лабановіч, назваў сябе госьць.
— Саханюк, тутэйшы пэдагог[1]. Будзьце ласкавы, зьнімайце паліто, сядайце.
Госьць і гаспадар селі каля стала.
— Вы — новы і ў нашых краёх першы раз?
— Новасьпечаны і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, — сказаў з усьмехам Лабановіч.
— Ну, як падабаецца вам ваша месца?
— Лепшага месца я й не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць вясьці працу, — прамовіў Лабановіч.
Саханюк звонка засьмяяўся.
— Ах вы, ідэалісты, ідэалісты![2] Ці на доўга хваціць вам гэтага ідэалізму? І тым ня меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша.
— У вас тут, выбачайце, большая глуш.
— Як так? — зьдзівіўся Саханюк. У нас — воласьць, грамадзянства: бацюшка, пісар, фэльчар, вураднік, псаломшчык і так збоку людзі часьцей даведваюцца…
— І пэўне з Завітанак сюды хтось завітае, — жартліва ў тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд.
Гаспадар крыху зьмяшаўся[3], бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сьцяміўшы, куды цаляе яго сусед.
— А вы хіба былі ў Завітанках? — спытаў Саханюк.
— О, не, — прамовіў Лабановіч — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасьць ніколечкі не павялічыць яе вагі.
— Калі ў вас, калега, такі погляд на рэчы, — сказаў павесялеўшы Саханюк, — то скажу вам: ня будзеце й вы мець вагі ў тутэйшых паненак.
— А мне ўсё роўна… Урэшце-ж, ці не памыляецеся вы тут, калега? Але гэта — між іншым. Я хацеў-бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашым грамадзянствам, бо трэба-ж, як кажуць, аддаць кесарава кесараві,[4] калі-б вы былі ласкавы пайці са мною да пісара, таксама і да бацюшкі, а можа і яшчэ да каго, калі ўжо гэтага вы-
- ↑ Тое-ж, што і вучыцель, чалавек які займаецца па адукацыі навучаньні другіх, наагул — навукай і практыкай вучэньня.
- ↑ Ідэалісты — чалавек, які думае, што дух, словы важней у жыцьці, вышэй за абставіны. Тут ужыта слова ідэалісты ў іншым, жыцьцёвым сэнсе; гэта чалавек, які жыве ідэямі, думкамі, не зважае на жорсткасьць жыцьця.
- ↑ Русіц. — засароміўся.
- ↑ Словы Хрыста, калі ў яго спыталі, ці патрэбна даваць кесару (цару) падатак, значыць — аддаць кожнаму сваё.