— Го, падмарожваць пачало! — весела прамовіў паляшук, Сьцяпан Рылка, які саскочыў з драбінак, выламаў лазіну й хвасянуў ёю свайго худога, але даволі шпаркага коніка.
— Эх, і лесу-ж у вас многа! — сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з паляшуком і пазнаёміцца з ім бліжай.
— О, лесу у нас многа! — падцьвярдзіў паляшук і павярнуў твар да настаўніка.
— Гэта вось цяпер, як правялі тут чыгунку, яго пачалі звадзіць, а даўней лес зусім не такі быў. І зьвяр’я было многа. Каля нашае вёскі мядзьведзі вадзіліся. Яшчэ бацька нашага старасты, ведаеш можа? — стары Грыгор, даўнейшага закалу чалавек! — жывога медзьвядзёнка з лесу прынёс, ад мядзьведзіцы адабраў!
— Як-жа гэта ён?
— А бог яго ведае. Сьмелы. Ды й здаровы, як дуб. Дарма, што яму цяпер семдзесят гадоў, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, ня вытрывае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз-жа ўціхамірыць, хоць Раман і ня уломак. Вось як!
І адвезьлі таго медзьвядзёнка грапу[1] Патоцкаму. Пазваленьне далі Грыгору паляваць у грапскіх лясох, яшчэ й пораху й шроту выдалі.
— А цяпер мядзьведзяў тут няма?
— Не, няма: перавяліся. Туды далей, пад Татарку, сышлі, дзе месца глушэй і лесу болей і дзе меней заглядае вока людзкое… Забараняць пачалі па лесе з стрэльбаю хадзіць, лясьнікоў паставілі, законы строгія пашлі. Але й лес нішчыцца й зьвер зводзіцца.
— А я чуў, што тут яшчэ многа зьявярыны?
— Ёсьць, праўда, але хіба столькі, як даўней? Бабры тут калісь вадзіліся.
Яшчэ й цяпер дзе-ня-дзе можна бачыць сьляды іх будынін… На ўсё пашоў звод, — з нейкаю маркотаю заключыў паляшук і змоўк, аб чымся задумаўшыся.
— Так, дзядзька Сьцяпан: жыцьцё не стаіць на месцы і ўсё на сьвеце мяняецца. Вось у вас зялезную дарогу правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пашоў, новыя людзі зьявіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі ня было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, журналы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысьці з яе болей было, бо ўсё-ж палепшаньне ў жыцьці ад навукі йдзе. Нябось і вы, дзядзька Сьцяпан, маеце дзетак, якіх трэба ў школцы вучыць?
— Ёсьць Іван і Пятрук, самыя шкаляры, — уздыхнуў паляшук. У яго адказе настаўнік пачуў нотку нездаваленьня, што яго хлопцам прыходзіцца ў школу йці.
Настаўнік з цікавасьцю пазіраў за паляшуком. Яму падабалася яго паляшуцкая вопратка: чорная выцьвеўшая суконная сьвітка, пашытая да стану, шырокі ў чырвоныя палоскі даматканы пояс і шапка-кучомка свайго вырабу. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, сьветла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасьць руху й нейкая сур’ёзнасьць выразу твару — як ня трэба лепей стасаваліся з агульным выглядам малюнкаў палескай прыроды.
- ↑ Графу.