— Паляжы, саколік, a я прыбяру крыху ў хаце, — і, узяўшы венік, яна стала падмятаць хату, рабіць парадак, стаўляючы кожную рэч на сваё месца, а бедны Іван увесь аж кіпеў. Яму раптам зрабілася так нядобра, так заламала яму косьці, як-бы хто ціснуў яго абцугамі, аж ён скрыгітаў зубамі, каб стрымаць стагнаценьне, падкорчваў і выпростваў ногі, варушыўся і пакутаваў, як пасолены мянёк[1]. А Магда так павольна варушылася, як-бы і ня думала ісьці да дому. Часамі выходзіла яна ў сенцы ды зараз-жа йзноў паказавалася ў хаце. А Іван, чуць толькі яна выйдзе, таропна ўглядаўся і прыслухаўся, як далёка адышлася Магда, каб застагнаць хоць адзін разок, і ніяк не ўдавалася.
— Божа мой! Што яна робіць са мною? Скарэй-бы пайшла ўжо адгэтуль — не цярпелася Івану.
— Ну, Іванка, бывай здаровы…
Іван узрадаваўся на момант, ды зараз-жа яшчэ горш апаў духам, як Магда скончыла гаварыць:
— Ідзе сюды мама.
Сказаўшы гэта, Магда борзьдзенька пацалавала яшчэ раз Івана, прыгнула галаву і ціхачом шмыгнула за парог, на задворкі, каб не спатыкацца з маткай, і пашла дамоў.
— Эй, малады, малады! брыдка! Праз тры дні вясельле, а ён расьцягнуўся, як навой! — громка, на ўсю хату, забарабаніла Настуля, Магдзіна маці.
— Што ў цябе баліць, Іванка ?
— Нічога, — буркнуў сярдзіта Іван.
— Дык чаго-ж ляжыш?
— А што-ж мне рабіць? скакаць?
— На вясельлі скачы, а цяпер ачунівай. Пакажы, сынок, свой лоб. — Іван злосна заварушыўся, лёг на сьпіну і выставіў лоб.
Старая Наста прылажыла руку на лоб, потым з боку, потым з другога.
— Трохі ёсьць агонь, але нічагутка, глупства. Гэта табе з ветру пашкодзіла. Ось я зараз напару ліповага цьвету з чаборыкам, вып’еш, прапацееш і пройдзе.
— Я і так ужо пацею, — адазваўся хворы.
— Ну, гэтага мала: трэба, каб спацеў ад зёлак, — стаяла на сваім Наста.
Бачыць Іван, што тут нічога ня зробіш.
— Нічога мне ня трэба. Дайце мне паляжаць спакойна і ўсё пройдзе.
— Хто-ж табе не дае ляжаць? Ляжы сабе, а лякарства я табе ўсё-ж такі дам.
— Ведаеце што, — пусьціўся Іванка ў хітрыкі: — Мне так заманулася гарэлкі, што здаецца, каб выпіў чарачку, то зразу ачуняў-бы. Каб яе сказаць Магдзе, няхай-бы прынесла мне кручок[2].
— Гарэлкі зажадалася, кажаш?
— Ой, як хочацца!
— Ну, то яна напэўна паможа. Калі хворы чалавек моцна хоча чаго, то тое памагае. Я помню, мой Андрэй хварэў на тыфус. Стаў крыху ачуніваць. Зажадалася яму хлеба, як табе, ось, гарэлкі.