не удалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся ў Амэрыку, другі паехаў у сьвет шукаць шчасьця і долі. І Іван астаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчверці зямлі. Была ў Івана на прымеце й дзяўчына. Праз колькі месяцаў пасьля сьмерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на Сёмуху было назначана вясельле. За тыдзень перад Сёмухай Іван занядужаў. Доўга ён не паддаваўся, перамагаўся і ўсё-ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад Ушэсьцем, так пад вечар, Іван залёг. Сьвяжыць[1] Іван, а работа ўся стаіць, рабіць некаму, хата непадмецена, усюды непарадак. А на што ён, парадак гэты? — думае Іван, усё роўна ён памрэ; знайдуцца добрыя людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыцьцё, шэрае, невясёлае жыцьцё, прайшло яшчэ раз прад яго вачыма. Што-ж? Ён памрэ. Яго закапаюць, і згніе ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца слязьмі, як яго будуць несьці на могілкі. І гэта называецца жыцьцё, гэта яго век!.. Адна толькі сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усею сілаю змучанай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер адплача ён усё гора жыцьця, адстогне ўсю боль: ласьне чалавек ня мае права хоць на адну мінуту, сьветлую мінуту, у жудаснай імгле цёмнага жыцьця?
Іван паправіўся на пасьцелі, зьмяніў палажэньне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што ён прыгатаваўся застагнаць, як на парозе паказалася фігура яго маладой. „І хто яе прасіў сюды? Чаго яна тут?“ — падумаў Іван і нахмурыўся.
— Галубок ты мой! Што ты выдумаў хварэць? — жаласьліва спытала яго Магда.
— Нядобра мне, Магда. Мусіць і я пайду за бацькамі, — сказаў Іван. Яму самому так горка стала ад сваіх гэтых слоў, што сьлёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй.
— Ну, што ты выдумляеш? Паправішся Іванка, — і Магда прылажыла руку да лоба Івана. Яшчэ большы жаль падшыб Івана. Хіба Ўзяць ды заплакаць? Зараўсьці на ўсю хату? Не! падумае, што ён — нюня, плаксівая баба; яшчэ і замуж не захоча пайсьці. А боль так і ходзіць па ўсім яго целе і яму, Івану, так хочацца застагнаць. «Ці застагну, ці не?» — думае Іван. «Ой, скарэй-бы яна йшла да дому!»
— Мне, Магдачка, ня так ужо і кепска, — пачаў разважаць Іван Магду: — паляжу трохі і ўстану.
— Вось маладзец! — сказала Магда і нагнулася, каб пацалаваць хворага. Дрож[2] прабегла па целу Івана, яму стала надта3) прыемна. Ды Іван ахамянуўся: гэтак і ахвота пройдзе стагнаць і аддацца смутку.
— Можа-б табе, Іванка, спарыць гарнушачак малака?
Іван заматаў галавою і павярнуўся на другі бок.
Магда колькі мінуцін пасядзела маўчком, як-бы раздумаваючы над тым, — узлавацца, ці не. На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы. Іван незаметна павярнуў галаву і зірнуў на яе адным вокам; не — не выпадае так рабіць. Не адварочаваючыся, Іван падняў руку і палажыў на плячо Магдзе. Гэтага было даволі, каб Магда зьмякчэла.