Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

род зьвяроў, многа іх паздыхала. Мошкі накінуліся на людзей, разьвёўся бруд, каторы накінуўся на чалавека і стаў піць яго кроў. Зямля пачала кепска радзіць; пашлі па сьвеці паморкі, паўстала сварка, калатня, бойка. Людзі сталі трывожныя, неспакойныя, усё чагось спадзяюцца, чагось шукаюць, да чагось прыслухіваюцца. Само неба спахмурнела і адвярнула ад зямлі свой воблік…

Лес скончыўся. Во бераг Нёмну. Вярсты дзьве адгэтуль угару пакідаў Андрэй дубкі. Ён ішоў берагам, прыглядаўся, як бы чагось шукаў. Вокал было пуста. А сьнег усё сыпаў і сыпаў…


Выстагнаўся.

I.

Іван Кіслы гараваў усё сваё жыцьцё. Усё гора было ў тым, што ў гэтага гора было яшчэ сваё гора: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцьця. І ўсё складалася, як сумыслу[1], як-бы нейчая злая воля неадступна цягнулася за Іванам і не давала яму здарэньня аблягчыць яго душу. Цягнулася яна з даўных-даўных часоў, з тых часоў, калі Івана яшчэ трудна было адлічыць[2] ад Мар’і, іначай сказаўшы, калі Іван яшчэ пехатой хадзіў пад стол. Разравецца, бывала, Іван… ды каб-жа разроўся, як людзі: толькі скрывіць губы, глядзіш — ужо маці зьнімае хвартух і мабілізуе[3] паскі на Іванаву сьпіну — „ня сьмей плакаць“. Дзе тая праўда на сьвеце? Чаму Антось — як пачне плакаць, то кінецца на сьпіну аб зямлю і барабаніць нагамі так, што яму можа пазайздросьціць найпершы барабаншчык? Вазьмі-ж ты! Выйдзе Іван на вуліцу, завядзецца з кім біцца — што-ж гэта за чалавек, калі ні разу не пабіўся? — паб’юць, пакрыўдзяць Івана. Што-ж бы вы, добрыя людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы-б заплакалі і ўсякі-б заплакаў. А чаму не паплакаць Івану? Але-ж няхай папрабуе заплакаць: засьмяюць, заплююць ды ў прыдачу горш наштурхаюць.

Раз Іван, моцна пакрыўджаны, адважыўся зайсьці ў кусты на бераг рэчкі. Прышоў Іван, азірнуўся, сеў на беражок, прыслухаўся. Тут, думаў ён, ніхто яму не пашкодзіць адплакацца за ўсё. Кругом было так сумна, так ціха. Здавалася, усё журылася і настроілася слухаць плач Івана. І нешта ў сярэдзіне, каля самага сэрца, так завіло, так сьціснула, што Іван раптам нагнуў галаву і мімавольна падняў калошы портачак: яму здавалася, што ў яго так многа выцеча сьлёз, што вада ў берагох ня ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: „А-о-о-а — гы!“ — як з таго берага паказалася з кустоў галава рыбака Сёмкі.

— Гэта ты прышоў пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу!

Так і засталіся нявыплаканыя сьлёзы.

II.

Іван асірацеў. Астаўся ён адзін на сьвеце, бы тая калатоўка. Быў ён на плытох і ня бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану

  1. Знарок.
  2. Русіц. — адрозьніць.
  3. Зьбірае.