Пераступіўшы парог канцылярыі, Андрэй нізка пакланіўся. Лясьнічы кіўнуў галавой і зноў стаў пісаць. Потым павярнуў галаву да Андрэя.
Пажваўшы сківіцамі, пан запытаў:
— А што скажаш, чалавеча?
— Панок! — сказаў Андрэй і ўвесь падаўся наперад, — дарэмна пакаралі Максіма Зарубу: я ўкраў дубок! Тут Андрэй злажыў на крыж пальцы і пацалаваў іх.
— Пакарай мяне бог, калі я за згодай Максіма высек гэты дубок.
Лясьнічы, вытрашчыўшы вочы, пазіраў на Андрэя. Пажваўшы сківіцамі — такі быў звычай у старога пана жваць сківіцамі прад тым, як гаварыць, — ён сказаў:
— А заўважай, небарача: ты гаворыш — дуб высек?
— Я, я, паночку!
— Гм! то які-ж бы ты быў гаспадар, каб ня краў у лесе? — спытаў лясьнічы.
— Панок, залаценькі! Даруй, панок, Максіму! Я вінават, — штрафуйце, судзеце мяне. За што-ж будзе нявінны чалавек цярпець?
— Табе Максім не сваяк?
— Не, панок, ня свой.
— То мусі быць, ён цябе падгадзіў?
— Панок, грэх гаварыць гэта! Максім нічога ня ведаў. Толькі сягоньня пры людзях я прызнаўся яму і сам сабой прышоў да пана. Даруй, паночак, Максіму. Няхай лепш мяне пан судзіць. Я вінаваты і я павінен адпакутаваць.
— Ха-ха-ха! А заўважай, небарача: сьмешны ты чалавек. Вось-жа ня буду ні штрафаваць, ні ў суд падаваць, калі ты гэтага просіш. А Максіма ня прыму, бо ён забіяка, разбойнік.
Доўга прасіў Андрэй лясьнічага, але пан быў цьвёрды і збываў жартамі.
… Грудкі хмарак разгладзіліся, неба пабялела і пашоў дробненькі сьняжок, як Андрэй ішоў з лясьніцтва.
Усю дарогу разважаў Андрэй у сваіх думках. На душы яго стала спакайней, як пасьля кожнай буры. А сьнег усё падаў гусьцей; зямля забялелася. Лес стаяў спакойны; толькі ўгары шумелі паціхеньку хваёвыя галінкі, як бы віталі першы сьняжок. А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцём, расказывалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную мінуту яго чуткае сумленьне? Эх, лес! колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку! Многа ён ведае ўсяго! І, каб Андрэй расчытаў яго гутарку, то саўсім-бы інакш пазіраў на сьвет.
І ўспомнілася Андрэю старая казка, каторую даўно-даўно, у шчасьлівыя гады яго дзяцінства, расказывала нябожчыца баба.
Скінула неба на зямлю дзіўны клубочак. Усіх карміў гэты клубок, і карміліся ім людзі, карміліся зьверы і птушкі і розныя маленькія жывёлінкі, бо для ўсіх прадназначыла яго сьвятое неба. І ўсе жывіліся і для ўсіх яго ставала. Пазайздросьціў гэтаму злыдзень, і няма ведама дзе дзеўся дар неба. І цяжка стала жыць на сьвеце. Зямля пачала бяднець і спустошывацца. Дзе былі даўней шырокія рэкі — там засталіся цяпер чуць значныя палоскі вады, дзе і саўсім яна высахла, парабіліся пустэчы. Лясы сталі зводзіцца, пачаўся голад ся-