Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што яны з Максімам калісь сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыве і ў адзін год жаніліся, і ўжо потым разышліся, разышліся не з-за якога ліха, а так — проста, разлучыліся; а сходзіліся — кожны з іх мог сьмела паказаць вочы адзін другому. І Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сьцяна вырасла ў гэту ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагось шкода. Чаго? ён і сам ня ведаў.

Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцьцю Андрэя.

IV.

— Ну, што у цябе чуваць? — Парубкі ў лесе няма?

Максім пачуў, што па сьпіне ў яго запоўзалі мурашкі, і нейкі холад прабег па ўсім яго целе. Маленькае замяшаньне, і Максім цьвёрда сказаў:

— Усё ў парадку.

— У парадку? Ну, то хадзі-ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.

Сказаўшы гэта, аб‘ежчык, сярэдніх гадоў чалавек, правая рука лясьнічага і пярвейшая шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лясьніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжэў. Залажыўшы рукі за сьпіну і крэпка сьціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб‘ежчыкам. Ён добра ведаў, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.

„Вядзі, няхай цябе сьляпога водзяць. Кланяцца табе ня буду і прасіць тваей ласкі ня стану. Што будзе, то будзе, — думаў, ідучы, Максім.

— Ці ня будзеш ласкаў зірнуць, — гаварыў тым часам аб‘ежчык, прывёўшы лясьніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб‘ежчык добра націкаваў гэта месца і ў яго наўперад усё было разьлічана. Нават яго далікатная прамова да лясьніка была абдумана раней, каб злосна нацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём сьсечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца і вокал стаялі дзеравы, ды дзе-ня-дзе тырчэлі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб‘ежчыка поглядам чалавека, каторы нічога ня цяміць і чакае тлумачэньня.

Аб‘ежчык зірнуў на Максіма. Чуць значная ўсьмешка прабегла па губах лясьніка. Нават елкі, каторым на гэтым месцы было крыху прастарней, здавалася, усьмяхаліся, пазіраючы на аб‘ежчыка — такую дурную меў ён міну ў гэту мінуту.

— Што за чорт!? — сказаў ён: — тое самае месца, а дзе-ж пень?

— Мала тут пнёў? — спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дуба і паказываючы рукой на старыя пні. — Ды і сам пан стаіш, як пень, — ня вытрываў Максім, каб не пасьмяяцца з аб‘ежчыка.

— Ты мне кпінак ня строй! — крыкнуў аб‘ежчык і забегаў вокал лясьніка, як ганчак, вынюхіваючы сьляды. Улучыўшы мінуціну, лясьнік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго сьвяціўся сьвежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэту лысінку. Аб‘ежчык, як каршун, зірнуў на лясьніка.

— А на чым ты стаіш, ягомосьцю?

Максім пачуў, што ён прапаў.