І, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:
— Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзіліся гэтага дубка.
— Можна-ж схаваць так, каб не знайшлі.
— Ось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?
— Схаваеш заўтра — будзе часу. А цяпер сьпі.
Жонка адвярнулася да сьцяны і праз мінуты дзьве заіграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезьлі ў яго галаву. А што, калі хто удасьць яго? Прыдзе вураднік, стражнікі з аб‘ежчыкам і лясьнікамі, зробяць вобыск і напэўна знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэньні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шляпакі, накінуў на плечы кажух і вышаў на двор. Божа, якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася к зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. І ўсё вокал было так глуха, так нема, усё роўна, як закамянела, або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скалыхнула: здаецца, цяпер, каб і золатам абсыпалі яго, ён не пашоў-бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісьці туды, у такую цемраж! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважываліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Яхіма хлявушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку і зараз-жа пачуўся кароткі адказны воклік старой авечкі: „Ідзі да мяне!“ ды часамі ў сьвінушніку ціха стагнала праз сон свіньня такім змарнелым, стамлёным галаском, усё роўна, як-бы ёй заставалася тры чверці да сьмерці.
Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэта маўчалівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу і ён пашоў у хату.
„Сягоньня яшчэ можна быць сьмелым, думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручываючыся ў дзяругу. Покі тое ды сёе, то яшчэ ёсьць часу схаваць, а цяпер можна спаць сьмела“. Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубкі. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысьніўся яму сон. Здаецца, прышоў лясьнік, Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прышоў ня злосны, як можна-б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як-бы вымазаны мукой.
Адабраў, брат Андрэй, ты ад мяне кусок хлеба! — сказаў Максім, — ад цябе я гэтага не спадзяваўся. — Сказаў, і невядома, дзе дзеўся.
Андрэй стаяў, як аглушаны. Хацеў сказаць слова — язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам — ногі ня слухалі. І, цяжка застагнаўшы, Андрэй абудзіўся.
Ноч, доўгая, жудасная, трывожная ноч, яшчэ цяжка аблягала зямлю. Толькі што адсьпявалі другія пеўні і сяло ўсё яшчэ спала цяжка і глыбока, Андрэй ляжаў і тросься — так узбунтаваў яго гэты сон і такі ён быў ясны, жывы і страшны. Трудна выказаць, што рабілася цяпер на душы ў Андрэя. За ўсе тыя часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок і аж да цяперашняй мінуты, Андрэй ні разу не падумаў аб тым, што цяпер яму прысьнілася. І ня было прычыны так думаць: ці мала людзі крадуць у лесе? Каб за кожную неўпільнаваную кражу ў лесе выганялі лясьнікоў, то і лясьнікоў ня было-б на свеце.
І чаму-ж ён прысьніўся і прысьніўся так нядобра? Цяпер Максім ні на адзін момант ня сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў,