Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.

Аб‘ежчык раптоўна падскочыў да лясьніка, таўхнуў яго ў грудзі і кашкянуў нагою мох.

Пень раскрыўся.

— Зладзюга! лес крадзеш, сам канцы хаваеш! — як гад, сіпеў аб‘ежчык.

У адзін момант усё пазелянела ў вачах Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Нічога не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з голасным плескам апусьцілася на шчаку аб‘ежчыка. Шапка зьляцела з яго галавы і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.

— Удушу! — хрыпеў ён, як зьвер, сьціснуўшы аб‘ежчыка за горла. Аб‘ежчык зьвіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.

Памыкаўся ён крычэць, клікаць на помач, але голас яго ня мог выбіцца з грудзёў, а вокал ня было ні аднэй жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сьведка людзкога глупства, стаяў вокал глухой сьцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.

— Братка, зьмілуйся! за што? — енчыў[1] аб‘ежчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лясьніка.

Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю ненавісьцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:

— Ідзі, жалься на мяне, — і злосна пашоў у лес.

Аб‘ежчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вокал і кінуўся бегчы.

— Гвалт, ратуйце! — крычэў ён, бягучы.

V.

Досьвета другога дня, Андрэй ужо кошкаўся ў хляве. Запаліўшы газоўку, павесіў яе на сьцяне і, узяўшы сахор, Андрэй адкідаў гной ад сьцяны з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з аднэй загародкі, цялушка-выпустка — з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэту цікаўную дзею. Толькі адна сьвіньня не хацела зьвяртаць увагі на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім бярлогу і, здавалася, ніколечкі ня дзівілася, як-бы даўно ведаючы, што і чалавек зазвычай бывае сьвіньнёй. Прабраўшы ямку і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна дубкі, закрыў іх тоўстым пластом саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго зьявілася ўсьмешка здаваленьня.

Згніюць тут, калі я сам не дастану іх! — сказаў сам сабе Андрэй і спакойна вышаў на вуліцу. Тут ён пастаяў, высмактаў люлек са дзьве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, каторыя ішлі па ваду і, як чалавек, катораму няма чаго баяцца, пашоў уладжывацца каля гасдаркі. Ходзячы па двары, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песьню: „Шапка мая магерачка“.

Прайшло днёў два. За гэты час ня выявілася нічога такога, што-б магло патрывожыць Андрэя і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад

  1. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.