Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самым Андрэю — страхі. Андрэй прыслухаўся. Лес маўчаў. Можа ён зацікаваўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прышоў сюды варушыць і трывожыць яго цяжкі, блізкі да сьмерці сон. І было штось страшнае ў гэтым нямым спакою лесу і гэты страх перадаваўся Андрэю: ён стаяў ціха, баяўся кашлянуць і павольна адводзіў яловыя лапкі. Калі-некалі жалобна шорхаў сухі, завяўшы ліст, адрываючыся з дзерава і кідаючыся на сыры дол.

— Ну, што будзе, то будзе.

Андрэй узяў сякеру, хацеў перахрысьціцца, ды стрымаўся: гэта справа не сьвятая, і ён не адважыўся прызваць на помач імя бога. Сякера высака паднялася ўгару, і пачуўся першы стук. Вострая сталь глыбака ўрэзалася ў маладое дрэва, і гэты першы зык быў падобны да цяжкога, адрывістага кашлю, каторы вырываўся з глыбіні надарваных грудзёў сухотніка.

Андрэй, секануўшы раз, адскочыўся ў бок і на момант замёр, прыслухаючыся. Але кругом было так сама глуха і ціха. Зноў узляцела сякера і пашла латашыць усё часьцей і зласьней. Скора адна палавіна дубка была падсечана; Андрэй зайшоў з другога боку. З кожным узмахам сякеры дуб слабеў і хістаўся, дрыжэў голымі сукамі і ўсім сваім целам. Во ён чуць пахіліўся, абамлеў і, здавалася, аглядаў месца, дзе-б упасьці. Андрэй упёрся рукой і таўхануў яго. Голыя сукі крануліся сукоў суседніх дзеравак, як-бы жагнаючыся з жыцьцём, зачапіліся на момант і, аслабеўшы, асунуліся і маладое дзерава цяжка ўпала, застагнаўшы, на зямлю. Андрэй адышоўся і зноў стаў слухаць. Адмерыўшы чатыры тапарышчы па камлю, Андрэй з нейкаю злосьцю стаў адсякаць кавалкі дубу. Адсекшы кавалкаў шэсьць, ён пазнасіў іх на дарогу. Спадалёк пачуўся глухі стук колаў аб карэньне. Андрэй пашоў на спатканьне сыну.

III.

Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Не дарма гавораць людзі: «Хто ўкраў парасё, таму і ў вушох пішчыць».

Прывёзшы да хаты шэсьць кавалкаў дубу, Андрэй да часу паскідаў іх на старану, дзе ляжала яшчэ немалочанае жыта і салома. Прызнацца, Андрэй нават ня рад быў, што сьсек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць ня можа, каб хто ня бачыў, як ён пхаўся ў з лесу. А языкі ў людзей доўгія… Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухіваўся, што робіцца на двары.

Кожны грук, шум, аброненае[1] кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць, чорт ведае што. І якая гэта схованка — гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прышлі на памяць тыя здарэньні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах… Трэба перахаваць, і чым скарэй тым лепей, — покі не ўзялі яшчэ тропу.[2]

— Што гэта, Андрэй, на цябе сягоньня сну няма? — пытала жонка.

— Так ня сьпіцца.

  1. Русіц. — кінутае.
  2. Дорогі, сьлядоў.