во і Андрэй забыўся аб дубку, але, як на грэх, у яго колах разышліся сьпіцы. Трэба было думаць, як справіць новыя колы. На калодкі і вобады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую, баравую, чачоткаватую бярэзіну з казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі ўдружыў яму. А дзе-б узяць дубінкі на сьпіцы? І адразу ў яго вачох стаў малады дубок, што бачыў у лесе, зьбіраючы грыбы. Бадай ня кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападзешся з ім. У сваім жыцьці Андрэй кіраваўся прыказкаю: „Не бяры чужога і ня бойся нікога“. Але во прыпёрла так, што прыходзілася касаваць гэты мудры кірунак. Праўда, што ў лесе красьці ня грэх. Гэта ня тое, што залезьці да чалавека ў хату. І хто ў лесе ня злодзей, той у дому не гаспадар. Лес — божы — бог яго росьціць і бог гадуе. А князя чорт ня возьме, калі ён, Андрэй, сьсячэ адзін дубок. Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люльку.
Раз, пад вечар — гэта было ў нядзелю — Андрэй ішоў з места. І так неяк зрабілася, што ногі Андрэевы самі пашлі па тэй дарозе, каля каторай стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй ня мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ужо зусім бяз лісьця і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым.
— Ах, злодзей! — гаварыў, цешучыся, Андрэй і аглядаў дубок.
Ідучы дамоў, Андрэй вылічаў, калі схадней яго сьсеч. Квадра[1] месяца пры гэтым стаяла ў Андрэя на першым пляне. Праз колькі дзён будзе маладзік. Ось тады ён і зызьне[2] яго.
Якраз прад Усімі Сьвятымі, натачыўшы сякерку, Андрэй шаптаў свайму сыну:
— Запражэш каня і пад’едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чакаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, скажы — па каноплі.
Андрэй выбраў такія сьцежкі, дзе-б яго ніхто не спаткаў (асьцярога не пашкодзіць) і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак, чым бліжэй падходзіў ён да лесу, тым большы чуў ён страх. А змрок густы, халодны, няпрыветны, нярухома аблягаў зямлю. Ціха, глуха. Хоць-бы дзе зык чалавечага голасу. І нейкая жуда ахапіла Андрэя. Почуваньне маркоты і адзіноты агарнула яго. Андрэй азірнуўся назад, на сяло. Скрозь цемрадзь[3] прыветна сьвяціліся вокны мужыцкіх хат чырвонымі і бледнаватымі плямкамі. Там сядзелі людзі і на душы ў іх была згода. Толькі ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты змрок, прыхільны хаўрусьнік кожнага злодзея. Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэту справу. Лепш-бы паставіць кварту за кусок дубніцы — сам выпіў-бы чарку і быў бы сьмел і спакойны. І яму хацелася, каб хто перашкодзіў яму цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў. Так было на душы Андрэя; ногі яго ўсё несьлі і несьлі ў гэты страшны, пануры лес, дзе цяпер так цёмна і жудасна. Яшчэ гусьцейшы і цяжэйшы змрок апрануў Андрэя, як уступіў у лес. Падышоўшы з поўвярсты, Андрэй спыніўся. Во тая хвоя з вехаю[4], ад каторай трэба ступіць колькі крокаў направа. Патупаўшы, Андрэй сяк-так намацаў гэты дубок, каторага старажыў ня толькі Максім, а яшчэ пільнавалі і другія старажы, каторыя былі ў