Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І перад тэю барадою
Схіліўся нізка галавою.
Чыноўнік[1] буркнуў штось сярдзіта,
Як той вяпрук каля карыта,
Але прашэньне ён прымае,
Насупіў бровы і чытае.
— Ідзі ў той стол, налева трэці!
Махнуў чыноўнік барадою,
Як саламянаю мятлою.
„Адкуль яны бяруцца, чэрці?“
Прабармытаў руды пісака.
Пайшоў наш дзядзька-небарака,
На стол паказаны трапляе
Ды йзноў там голаву хіляе
І перад новым палупанкам
Стаіць, прыгнуўся абаранкам.
Чыноўнік толькі лыпнуў вокам
І павярнуўся к дзядзьку бокам
Ды водзіць пёркам па „бумазе“
(Ужо такі пачот сярмязе!).
Стаіць наш дзядзька, не адходзіць.
„Ну, што-ж? няхай пяром паводзіць:
Не на дажджы я, часу маю,
Ня пан я, трохі пачакаю“.
Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма,
Як-бы на цешчу ці айчыма,
Зноў у паперы ён уткнуўся,
А дзядзька наш ні зварухнуўся.
Злаваць чыноўнік пачынае,
Што дзядзька вытрыманасьць мае.
Чыноўнік злосны ня стрымаўся:
— Табе чаго тут? — запытаўся,
Сярдзіты, поўны нецярпеньня.
— Наконт[2] зямлі: вось і прашэньне, —
Гаворыць дзядзька так салодка,
Як толькі можа, ды каротка
Яго чыноўнік злы спыняе:
— Ня важна справа, пачакае;
Прыдзі сюды праз тры гадзіны! —
Ўздыхнуў Антось ад тэй навіны.
„Ось дзе выжыга! ось бізун,
Бадай цябе забіў пярун!
Чакай дабра ты ад хамулы,
Няхай табе дасьць бог тры скулы!
Няхай цябе водзяць сьляпога,
Як водзіш ты за нос другога!“
І як ні кляў ён гэту п‘яўку,
Ды мусіў даць рубля за спраўку.

|}


Сьмерць Міхала.

Глядзіць Міхал… што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзьве асобы:
Адзін Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы;
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус ня дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: ня цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне[3]
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне сьмяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схілійся і шамоча?
І нейкай тухальлю і тленьню
Нясе ад чорнага адзеньня,
І востры пах чуваць кадзіла…
Ах, гэта ж сьмерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды-ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..
Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся.
Бажыць, як можа — знаць спужаўся.
Ой, ой — стрыжэнь![4] Ён — гоп туды!
Ніяк ня вылезе з вады.
Капут!.. Міхал-воўк прападзе,
Пад лёдам зьнік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць зьдзіўлёна.
І раптам нейкая заслона
Чыёю-сь страшнаю рукою,
Сінь неба лучачы з зямлёю,
Ўсё пасуваецца бліжэй;
Міхалу робіцца цяжэй,
Ў грудзёх дыханьне забівае,
А ноч заслона націскае,
І сьветлы круг, прамень пустыні,
Вось-вось у багне-цьме загіне.

  1. У беларусаў прынята — вураднік.
  2. Адносна.
  3. Прасторная доўгая адзежына.
  4. Тут — быстры цёк вады; ёсьць стрыжэнь у скуле, яшчэ стрыжэнь — сярэдзіна дзерава.