Прышоў, суседзяў зьмерыў вокам
І да сьцяны прыпёрся бокам.
— Сядай, мой мілы, мой харошы,
Бо за „пастой“ ня плацяць грошы, —
Сказаў сярмяжнік дабрадушна.
На лаўку дзядзька сеў паслушна,
Ўздыхнуў, падзякаваў суседу,
Ўжо пажылому, чуць ня дзеду.
Пайшлі пытаць адзін другога,
Хто ён, адкуль, сяла якога,
Губэрні, воласьці, павету.
— Прыехаў я сюды з-за сьвету.
З-пад самых Стоўпцаў — чулі можа?
— Не, не здаралася, нябожа.
— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,
З сяла Вялікія Дзяміды
(Ён Грышкам Верасам назваўся);
Яшчэ з учора затрымаўся.
Пустая справа, ды і тую
Не давядзеш ты да ладу —
Гадоў са два яе вяду,
Як тут ні ладжу, ні мяркую…
Эх, мілы мой ты! за панамі
Няма прадыху. Хто з грашамі
І мажа з боку, — той і едзе,
Так вось і робіцца, суседзе.
Ён знаў чыноўніцкія сеці —
Ня дарма-ж соваўся па сьвеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
— Вам трэба з банку разрашэньне,
Пішэце, мілы мой, прашэньне;
І, калі хочаце, параю:
Пісарчука такога знаю,
Што вам прашэньнейка за злоты
Напіша з мілаю ахвотай.
— Ах, калі ласка, пане Верас!
Скажу вам „дзякую“ яшчэ раз,
Бо покі сам чаго даб’ешся,
То і жыцьця свайго зрачэшся.
— Ну, то хадзі! — Ўстаюць, выходзяць
І па панох вачамі водзяць,
І каля століка пустога —
Там ня было цяпер нікога,
Апроч бутэлечкі чарніла
З шырокім донечкам бяз рыла[1] —
Сябры спыніліся маўкліва.
— Вам што? — пытае іх пачціва
Сам пісарчук. Ён стараваты
І росту нізкага, кашлаты,
І вынік ён перад сябрамі,
Як тая порхаўка часамі
Па цёплым дожджыку з зямлі.
— А вось да вас якраз прышлі! —
Тут дзядзька ўперад выступае
І просьбу ціха выкладае.
— Пастойце-ж трошкі, пачакайце,
А вось вам крэселка, сядайце!
З стала ён выняў ліст паперу,
І ўсю пісарскую манеру
Ён перад дзядзькам выяўляе:
З-за вуха ручку выцягае,
Рукою водзіць, нібы піша,
І трэ свой лоб ды носам чмыша.
Паразважаўшы, для прыкрасы
Пайшоў выводзіць выкрунтасы;
Уважна дзядзька пазірае,
У жмені злот даўно трымае.
— Ну вось прашэньне і гатова,
Прашэньне „рэхт!“[2] ну, адно слова!..
Вы, можа, граматны часамі?
— А так, расьпішамся і самі.
І дзядзька пальцы разгібае,
Бярэ ён ручку і мачае;
Ды граблі-пальцы, як чужыя,
Ці як калочкі дзервяныя,[3]
Пяро трымаюць бокам, крыва
І водзяць ручку баязьліва;
І покі дзядзька расьпісаўся,
На лбе[4] пот буйны паказаўся,
Бы дзядзька летняю парою
Прайшоў па купінах з касою.
— Цяпер ідзеце ў тыя дзьверы
Зрабіць адметку на паперы, —
Ківае пісар галавою.
І дзядзька дробнаю ступою
Падходзіць к дзьверам, адчыняе,
Прашэньне ў скрутачку трымае.
А там, за доўгімі сталамі,
У стол уткнуўшыся насамі,
Сядзяць пісцы, як гною кучкі,
Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,
Трашчаць, як конікі на сене,
Ці тыя шашалі ў палене, —
Заняты кожны сваім дзелам.
Ступіў наш дзядзька крокам[5] сьмелым,
Ідзе к сталу, што быў пабліжай,
Да барады з чырвона-рыжай
Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/102
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная