Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Міхал крычыць і б‘ецца ў страсе.
Заслона чуць-чуць адыйшлася.
Ён вочы цяжка размыкае —
Ў руцэ рука чыясь другая,
І вочы, поўныя пакуты.
Зьняможан цяжкім ён зьмаганьнем,
З глыбокім жалем, садрыганьнем
Ратунку просіць у людзей,
У брата, жонкі і дзяцей,
Бо неба жорстка, неба глуха
І ня прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца вымі —
Ты не кранеш яго цьвярдзіні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое.
— Ты пазнаеш мяне, Міхаська?
Ён уздымае вочы цяжка,
Глядзіць на жонку. Ганна… маці…
Ратунку дайце мне!.. О, браце!
Ратуй мяне! Ратуйце, дзеткі!.. —
Сьляза-палын балюча-едкі
На ўпалых вочах выступае…
Міхал зяхае — заціхае…
— Ой, сьвечку, сьвечку: ён канае! —
На твары сьлед пякельнай мукі,
На грудзі ўпалі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала,
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю…
Перагарэў, адстаў, зьнікаю…
Вядзі-ж ты рэй,[1] вядзі… адзін…
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог ня судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…[2]
Зямля… зямля… туды, туды, брат…
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Ня кідай іх… Га-а-х! І гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку…
І халадзеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам[3] прыпадае.

|}


З зборніка: „Родныя зьявы“.

Думкі ў дарозе.

Грыміць па карэньнях цялежка, мігацяцца стракатыя вярстовыя слупы[4], мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяшаюцца палі, грамадзяцца горы, рассьцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты…

І куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты бяз болі, бяз трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на зьвера, на птушку, на самую меншую мушку, на жывых і няжывых, на нашу бедную зямлю, на зямлю, прагноеную людзкімі трупамі, залітую крывёю і горкімі сьлязамі сіраты-народа.

Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканьні? Чаму не асушыш нашы горкія сьлёзы? не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога зьвера, што сее заразу, топча праўду і носіць няшчасьце па нашай зямлі?

Далёкае неба! сіняе неба! Што ёсьць на сьвеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна

  1. Парадак, упраўленьне.
  2. Полён. — ральлю, барозны.
  3. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.
  4. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…