Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Той сом, прыціснуты плытамі,
Што ў букце век жыў пад карчамі.
„Бадай ты спрахла[1], дзе-ж дарога?
На гвалт крычы гарадавога;
Куды нялёгкая загнала!“
Аж проста дзядзьку страшна стала,
І з перавулачку глухога
Ідзе шукаць гарадавога,
Ідзе і горад праклінае.
Падшыбла злосьць яго такая,
Што, каб прымеў-бы, ўзяў саломы
Ды падпаліў-бы ўсе харомы,
Бо ўсе дарогі загрузілі
І сьвет яму тут зачынілі.
Мінут праз колькі з перавулку
На сьвет ён выбіўся, дзе гулка
Нясьліся зноў страшэнна зыкі,
Дзе горад гуў многаязыкі.
Цяпер наш дзядзька ня чытае,
А больш пад ногі паглядае
Ды кіне вока, ці ня блісьне
Жаданы шнур, ды далей цісьне.
Шукае дзядзька наш, як бога,
Ў людзкой галдзе[2] гарадавога.
А вось і ён! стаіць плячысты
І погляд кідае празрысты;
Стаіць, як той пастух над стадкам,
І наглядае за парадкам —
На тое-ж горад і губэрня.
Тут з тротуару дзядзька верне,
Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,
„Дзень-добры“ кажа, як вядзецца,
Яшчэ крок бліжай падступае,
Аладку-шапку падымае.
— Скажэце, як мне ў банк папасьці?
Мне па зямельнай трэба часьці.
— А вось, як пойдзеш, чалавеча,
Таму касьцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, —
Пачаў казаць служака бравы:
— Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка.
Скланіўся дзядзька яму нізка,
Бо надта-ж добрым паказаўся,
І так ён дзядзьку ўспадабаўся,
Што, калі будзе ўсё шчасьліва,
То вып’е з ім хоць пару піва
І зьесьць з ім разам кусок сала;
І весялей зноў дзядзьку стала.
Зрабіўшы два-тры павароты,
Людзей спытаўшы раз мо’ ў соты,
Спыніўся дзядзька каля банку,
Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,
Шырокі крок яго стрымалі
І ў душу страх яму нагналі.
Стаіць наш дзядзька ў задуменьні,
Ня сьмее ўзьняцца на ступені:
Баіцца ён мужычым ботам,
Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,
Тут насьлядзіць або напляміць,
Лепш іх ня знаць, няхай іх цяміць!
Ступі ня так, падымуць сварку
Ды на барыш дадуць па карку.
І гэта „іх“, як здань ліхая,
Спакой ад дзядзькі адганяе;
„Іх“ — нешта злое, цемень-сіла,
Што душу дзядзькаву муціла;
„Іx“ — гэта тое, што варожа
І ў рог барані сагнуць можа.
Ды дзядзька страх перамагае;
Ён шапку загадзя зьнімае,
Па ўсходах чыстых, як мурашка,
Паўзе ў гару, ступае цяжка, —
Забіты дух яго вякамі
Ўжо чуе страх перад панамі.
Ў прасторнай, чыстай сьветлай залі
Паны туды-сюды снавалі,
Разьвязна, моцна[3] гаманілі,
Цыгары доўгія курылі,
А дзе каторы шарганецца,
Каля яго прыслужнік трэцца
І падае яму адзеньне,
А сам — пакора і жычэньне;
А пан той руку ткне ў кішэню,
Яму „дзесёнтку“[4] суне ў жменю;
Прыслужнік, ну, чуць ня прысядзе, —
Аж сьмех бярэ, на гэта глядзя.[5]
Але й паны ня ўсе тут роўны:
Адны з іх круглыя, як броўны,
Ідуць спаважна, ўперавалку;
Другія выпетрылі ў палку;
Адны трымаюць[6] нос высока,
Другія ў дол спускаюць вока.
Апроч паноў, у гэтай залі[7]
І мужыкі ў куткох стаялі,
І людзі простага больш званьня
Таўкліся ў банку ўжо ад раньня
Між імі гоман ціха вісьне,
Туды і дзядзька Антось цісьне.

  1. Спарахнела.
  2. Гомане.
  3. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  4. Польскае — дзясятку, дзесяць капеек.
  5. Гледзячы.
  6. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  7. Вялікім пакоі.