Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З чужыны.

І душна, і цесна, — і сэрца самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх.
Як птушка, на скрыдлах[1] ляцець-бы хацела,
Як хваля па моры, плыла-бы да іх!

Зьнялася-б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары-бы ветрам казала я гнаць
Далёка, далёка, гдзе[2] сьняцца мне чары,
Гдзе боры густыя над Нёмнам шумяць,

Гдзе пацеркай белай Вільля прабягае,
Гдзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе,
Гдзе кожна[3] дарога і крыж мяне знае,
Гдзе ўсё-усё чыста вярнуцца заве![4]

Там я нарадзілась і вырасла ў волю,
Там першыя словы вучылась казаць…
Затое сягоньня ляцела-б стралою
Там з імі, з усімі Год Новы спаткаць.[5]

Ой, мілыя, мілыя, сьнегам пакрыты[6]
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім незабыты,
Як часта абраз ваш у думцы ўстае!

А вы, бледны[7] твары, панураны ў працы,
І ты, друг мой — смутак з іх сьлёзных вачэй,
Прымеце сягоньня прывет мой гарачы,
Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй.


Грайка.

Граў-бы я многа, ды сіл не хватае[8],
І рвецца за стрункаю струнка,
Хоць песьня яшчэ не замерла ўдалая,
Хоць родзіцца думка за думкай.
Граў-бы я многа, ды сьмерць кажа — „годзе!“
Ў магілку мне ладзіцца кажа…
Эй, рвіцеся струны, што гэта мне шкодзе?[9]
Ў магілку супольна мы ляжам!
Можа з тэй ліры[10] вырасьце іва,
З парваных струн — белыя кветкі;
Можа вясною будуць ігрыва[11]
У дрэўца цяню гуляць дзеткі;

  1. Полён.; на крыльлях.
  2. Прав. — дзе.
  3. Кожная.
  4. Рус. — кліча;
  5. Лепей — сустрэць.
  6. Пакрытыя.
  7. Бледныя, блядыя.
  8. Лепей — не хапае.
  9. Провінц. — шкодзіць.
  10. Грэцк. — музык. струмані, у пераносным значаньні — дар поэзіі, поэзія наагул.
  11. Русіц. — гульліва.