Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пад увагу, што сыстэматычны курс навейшай літэратуры ў сярэдніх школах прыпадае на вышэйшыя клясы, бязумоўна найлепш і найрацыянальней праходзіць літэратуру па самых арыгіналах. Але беларускае жыцьцё уплывам падзеяў апошняга часу пераступіла парогі пакояў „з адною лаўкаю“, ў якія дзе-хто ўкладваў ранейшы беларускі рух, і разьлілося ў шырокае мора ўсенароднага ўсьведамленьня. Каротка, беларускі рух стаўся беларускім жыцьцём. Пры такой зьмене абставін той кніжны запас, які быў раней, пачаў выходзіць, а шырэючае і глыбеючае сьвядомае беларускае жыцьцё аказвае новыя й новыя запыты. Калі яшчэ ў Віленскай Беларускай Гімназіі хапіла-б арыгіналаў пры праходжаньні курсу, дык ужо нельга сказаць гэтага аб гімназіях провінцыяльных. Дый у Вільні ўжо часта-густа тая ці іншая беларуская кніжка зьяўляецца бібліографічнай рэдкасьцю. Калі-ж да гэтага дадаць, што ня ўсе і нават ня ўсе лепшыя творы беларускіх пісьменьнікаў выдаваліся асобнымі кніжкамі, а часта ішлі па розных пэрыядычных выданьнях, зборкі якіх маглі захавацца толькі ў спэцыяльных кнігазборах, тады зусім зразумелым зьявіцца выхад у сьвет нашае „Хрэстаматыі“.

Прымем да таго-ж пад увагу, што ня толькі сярэднія школы выстаўляюць затрэбаваньні на беларускае друкованае слова, а што, наадварот, цэлыя гушчы народныя прагнуць яго яшчэ ў большай меры. У такім разе выданьне „Хрэстаматыі“ зьяўляецца проста вымаганьнем часу, ёсьць сьпешным і з гэтага пагляду будуць тлумачыцца ў большасьці і тыя недахопы, якія нямінучыя ў такіх выпадках.

Дзеля таго, што кніга прызначана пераважна для вучняў старэйшага ўзросту — ў „Хрэстаматыі“ будуць падавацца ня толькі такія кавалкі, якія складаюць гэт. зв. „цікавы матар’ял для чытаньня“, а больш-менш усё, што зьяўляецца характарным для таго ці іншага пісьменьніка.

Бязумоўна, ўсяго нават лепшага, напісанага ў плашчыне беларускай краснай пісьменнасьці, зьмясьціць у аднэй кніжцы ня можна. Дый гэткае мэты ніякая хрэстаматыя не перасьледуе. Як і ўсюды ў хрэстаматыях, тут падаюцца толькі найлепшыя месцы з твораў, галоўным чынам тыя, якія найбольш характарызуюць данага пісьменьніка Каб усё-ж такі мець поўны абраз і ўражаньне таго ці іншага паасобнага твору, прапушчаныя месцы падаюцца ў кароткіх пераказах.

Трэба зазначыць, што „Хрэстаматыя“ ня зусім прыпасована да істнуючых падручнікаў па гісторыі беларускай літэратуры. Гэта залежыць ад прынцыпу ў падзеле матар’ялу. З увагі на тое, што „Хрэстаматыя“ абнімае адзін пэрыяд часу (навейшая літэратура) — у ёй прыняты за прынцып падзелу — характар творчасьці паадзінокіх пісьменьнікаў з ідэйнага боку. Праўда, галоўны падзел зроблены па