Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З II-га АКТУ.

Агнеша (паліваючы вазоны).

Ужо дзякуй Богу… пасьпела зарана…
Усюды памыта, прыбрана
І глянуць прыемна, як косачкі сонца
Пярэсьцяць, ліюцца ў ваконца,
І блескам злацістым,[1] прыбраўшы лісточкі,
Усе асьвятляюць куточкі;
А там (паказвае на кут), дзякуй Богу, ў парадку, прыгожа,
Што ўсякі зьдзівіцца на’т можа.

(ходзіць, нагінаецца, папраўляе).

Нямашака пылу, няма павучыньня,
Бо вока маё не праміне,
А сэрцам спрыючым,[2] пры добрай спагадзе,
Зробіш шмат больш у здагадзе,
З ахвотаю мілай, аб[3] сілы ставалі,
Ніхто не пярэча[4] ніколі…
І гэта найлепей. (схамянуўшыся)
А што-ж я?… (прабуе зямлю)
Здаецца усохлі даволі

(прыносе з кухні ваду)

У роскашы гэтай, у ціхім спакоі
Штось сэрцайка смуткам так крое!
І днём, як уночы, сьцішна, ні згуку
Ні спрэчкі, ні гневу, ні стуку…
Парадак найлепшы і без загаду
Ідзе ўсё да толку і ладу (глядзіць у вакно).
Пагода спрыяе… неба бяз хмары!…
Душу чаму-ж смуцяць так мары?
Чаму, як той ветрык, зьнячэўку крадуцца
І ў думках аж роем снуюцца…
Што так трывожа мяне… (выцірае сьлезы, Андрэй падглядае)
Але годзе… (пераліўшы крыху вады)
А, Божухна мілы!… А мо’ не пашкодзе[5],
І гэта-ж во з самай крынічкі
Прынясла сьвежай і чыстай вадзічкі.
Яшчэ пакуль днее — паны ня усталі —
Абмыю лісточкі, каб лепш выглядалі,
Абрызгаю[6] трохі чыстай вадою,
Нібы то раньняй лёгкай расою (супынілася трохі);
Гожыя кветкі: рожа (бярэ да носа), во сьлёзкі,
Во пантофэлькі[7] Матачкі Боскай,
Гэта леандра… а гэта здаецца (думае)…
Ня ўспомню, міртай, ці пальмай завецца.

  1. Полён. — залацістым.
  2. Спрыяючым.
  3. Абы.
  4. Провінц. — пярэчыць.
  5. Провінц. — не пашкодзіць.
  6. Русіц. — пабелар. — апырскаю.
  7. Полён. — атопкі, атопачкі