Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лес далёка, ў полі ціха; прыкра; глуш нямая…
Ужо хлопцы на начлезе, — вогнішча пылае.
Вецер дзьме і дым ганяе, іскры скрозь нясуцца;
Коні спутаны блізенька ля агню пасуцца.
Хлопцы селі на мураве — ім ня страшна ў полі.
Скора старшы брат, Супронка, задрамаў паволі.
Засьляпіўшы шапкай вочы, нос уткнуў у бурку,
Панцялей адзін пільнуе, сьвішча падпявае,
То паверне галавешкі, то гальлё ўскідае.
Толькі неяк адхінуўся (быў дурны аднача),
Глядзіць — нешта больш курчаці з белым пузам скача,
Не чакаўшы вельмі доўга, ухапіў адразу,
Згарнуў жар, узяў за лытку і пячэ заразу.
Сьпёк, грызе ганебны косьці, выядае мяса
З такім густам, як і мёду не ядуць на Спаса!
— „Годзі спаць! Супрон прачніся! Што ад сну карысьці?
Ты ўсё сьпіш, а я ем рака, ўжо канчаю грызьці!“
— „Дзе-ж ты браў: прынёс мо’ з хаты, ці хадзіў ў затоку?“
— „Не, ён сам агонь убачыў, прыскакаў здалёку“.
— „Дурань-жа ты, Супрон, кажа, — гэта-ж, брат, рапуха!“[1]
— „Чорт і з ёю — кончыў ногі, кончу ўжо і бруха!“

|}


З драмы „Васількі“.

(Кароткі зьмест: У пэўным месьце жыве інтэлігэнтная, сярэдняй заможнасьці сям’я. Муж Андрэй з жонкаю Параскай. Жонка старая і хворая. У доме служыць прыгожая Агнеша. Агнеша вырасьціла кветку-васілёк у вазоне і сама служыць аздобаю дому. Хворай Парасцы адчуваецца ненармальнасьць полажэньня Агнешкі. У яе прабіваецца зайздрасьць (рэўнасьць). Сьніць аб Агнешы і ў вачох мітусяцца васількі. Але ўсё ў хаце (сястра, старая) — на баку Агнешы, Андрэй улюбляецца ў Агнешу і яна плаціць узаемнасьцю. Агнеша выганяецца з хаты. І яе — дзіцянё.

Параска папраўляецца і даведваецца аб усім. Згаджаецца ўзяць дзіцянё і выбачыць матцы. Але яе зайздрасьць перавышае ўсё. Яна адпраўляе на той сьвет дзіцянё, а потым, калі зьяўляецца Агнеша, забівае й яе. Асабліва ёй ненавісны васількі, што прычапілі сабе Андрэй з Агнешай пры ўваходзе.


Драма з мяшчанскага жыцьця. Людзі жывуць толькі будзённымі перажываньнямі. Няма вышэйшых парываў, жаданьня пераступіць дасюлешнія формы сужыцьця, розныя традыцыі, забабоны. Наогул жыцьцё гэрояў шэрае, нязначнае. Дробязі і нізкія інстынкты бяруць верх).

  1. Жаба земляная і дамовая.