Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ксёндз, рукавы закасаўшы,[1] выцер акуляры
Ды зьнянацку калі дасьць прыпары,
Калі крыкне: „ў Імя Ойца!..“ Тут каты ўжо нашы
Науцекі; ксёндз жагнае,[2] бізун крыжам маша[3]
Улучае, каб папасьці кожнаму у цотку,
Баючысь ня скрыўдзіць часам ці ката, ці котку,
Па парадку знае лупіць, толькі сьвіст нясецца —
Тыя ў страху, бяз прытулку, няма дзе падзецца:
Пруцца ў дзьверы, пад стол скачуць, аж пішчаць ад болю,
Скрозь па сьценах спрытна лазяць — вырвацца на волю
Няма рады; толькі чуюць, як іх ксёндз жагнае,
Бізуном з вакон, са сьценак — адусюль здымае,
Злупцаваўшы усіх чыста, адчыніў ксёндз дзьверы;
Тыя драла, науцекі як якія зьверы,
Ён яшчэ іх у парозе пераняў па разу —
Пэўны быў, што ад стала адвучыў заразу.
Пасьля муштраў да тэй пані ксёндз прыйшоў ня скора.
Бачыць, зноў каты паселі; ён тады й гавора[4]:
„Кепска пані прывучыла — катоў садзіць разам,
Гэта-ж кожны кот, вядома, Божая абраза!
Гэта дух нячысты скрыты“. Пані дай спрачацца:
— „Іх люблю я гэтак моцна,[5] ці-ж то можа стацца?“
— А во. пані, праканайся злы дух унікае
Ад слоў Божых і ад крыжа — пані-ж гэта знае!“ —
Устаў з крэсла (каты войстра пазіраюць скоса,
Баючыся, каб зноў часам не задаў ім чоса).
„Дык глядзеце-ж!“ Падняў рукі: „ў Імя Ойца“, кажа…
Каты драла — ў піск, у енкі,[6] як-бы хто іх смажа[7].
У дзьверы, ў вокны, пад стол скачуць, як іх ліха носе;[8]
З дзіву паня аслупела[9] што-ткі[10] ім сталося?[11]
Веры даць сабе ня можа, хоць глядзіць і чуе,
Стара плечы паціскае, з перапуду плюе.
Ад тых дат[12] катоў ні духу, нават ані сьледу,
Годзі ўжо з сабою разам іх садзіць к абеду.
Калі-ж лёкай не дагледзіць, — ведама заняты,
Гоніць вон сама мятлою, валіць кіем з хаты.

|}


На начлезе.

Ужо добра вечарэла — сонца ані знаку;
Над зямлёй плыў блеск. як скурка пячонага[13] раку.
Як авечак, хмар тых поўна, — зоркі паўтыканы;
Бледны месяц тырчыць бокам, як абруч зламаны.
З поля быдла[14] йдзе, рыкае; цёлка[15] прэ са звонам…
Два сыны Крывога Янкі, — Панцялей з Супронам, —
На начлег сьпяшаць з канямі.[16] ўзялі торбы, пугі,
Повад, путы і акрыцца нейкія дзяругі.

  1. Ужываецца і закачаўшы
  2. жагнаць і благаслаўляць — абодва чужыя. Першае — ад нямецкага — Segnen, другое — старабаўгарскае. З увагі на тое, што першы складнік другога слова — блага — мае ў беларускай мове зусім працілежнае значэньне, чым у баўгарскай (таксама ў іншых паўднёваславянскіх і чэскай), беларусы ўжываюць — багаславіць, якое фактычна замяняе свой орыгінал толькі з неабходнасьці і ўжываецца хіба толькі з чуцьця славянскай солідарнасьці.
  3. Махае.
  4. Пров. — гаворыць.
  5. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  6. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.
  7. Смажыць.
  8. Провінц. — носіць.
  9. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…
  10. Скарочанае — такі.
  11. Ста́лася.
  12. З тых часоў.
  13. Печанага.
  14. быдла — трэба лічыць за полёнізм з увагі на канчатковае злучэньне — дл, як падобна-ж у — wiodłem, szedłem і г. д. У беларускай мове: тут — чыстае л. Калі глядзець, што карэнь слова — быт —(да-быт-ак), то пераход глухога — т — у звонкае — д — перад звонкім — л — мог стацца і ў беларускай мове, але маем вельмі шмат слоў з роўным значэньнем, што бяз спорнага слова (быдла) можна зусім абыйсьціся. Маем — дабытак, статак, жывёла, гаўяда, скаціна і інш.
  15. Цялушка.
  16. Правільна — з коньмі.