Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ні душы жывой, ні слова: поле, сьнег і неба, —
Рэдка нос хто выткне з хаты і то ўжо з патрэбы.
Ў будні горш яшчэ, і вёска выглядае дзікай.
Во, ня дзіва, што часамі ксёндз з нуды вялікай,
Калі збрыдае[1] таўчыся, як па пекле Марку,
З паўтрацьці вёрст пехатою чэша да хвальварку.
З паняй мову удваіх[2] завядуць бяз конца —[3].
І сьмяюцца, і бядуюць аб сваёй старонцы,
Пры гарбаце[4] час нязначна нікне і сплывае.
Ксёндз пачне, а пані ўжо, як той млын, змлывае.
Ў сьвежых мысьлях[5] дзень сатрэцца, дзякуй Табе, Божа!
Усё добра, але толькі зьнесьці ксёндз ня можа,
Што старая пані надта[6] ўжо катоў любіла
(Праўда ёй гадоў пад сотню — зьдзіцянеўшы была!).
Часта гладзіць іх і песьціць, садзіць на калені,
Як дзяцей, усіх цалуе, кліча па імені;
Да стала ўжо, як накрыюць, глядзі — ўсіх ззывае:[7]
Кацька, Машка, Рыска, Дашка, — чорт іх хіба знае!
Хто адкуль бягуць, мармочуць і за стол садзяцца
Навакола ля паненкі, як пры роднай матцы.
Ім усім асобна крэсла, млека[8] на талерцы.
За сталом тым і ксёндз разам, хоць ня рад да сьмерці:
Трэба зносіць брыду гэту, хоць уцерпець трудна,
Раз праз гжэчнасьць,[9] ды адному яшчэ горай нудна.
Але ўжо ня раз падумаў, як катоў тых зьвесьці,
Як чым кольвек[10], іх настрашыць, каб к сталу падлезьці
Не пасьмелі ані разу — нават ткнуць і носа.
Трэба-ж шчасьця — думкам зьбіцца скора давялося.
На абед ксёндз раз сьпяшыўся і прыйшоў зарана —
Глядзіць: пані няма ўдома, а к сталу прыбрана.
За сталом каты паселі, аж гараць іх вочы;
Той хвост ліжа, а той дрэмле і праз сон мармоча.
Ксёндз лёкая ціха просіць, каб дастаць дзе ёмкі
Ці бізун, ці пугавішча, ці рамень з пастронкі.
Трэба выцяць, задаць страху і так іх напудзіць,
Каб ня ткнуўся з іх ніводзін, калі ксёндз тут будзе,
Лёкай рад (во будзе лазьня!) — надаелі чэрці.
Прывалок бізун, аддаўшы, прымкнуў крэпка дзьверцы,
У вакно стаў, паглядае — мо’ надыйдзе пані,
Каб даць знаць ксяндзу дакончыць муштры[11] крыху раней…
Сонца сьвеціць у пакоі, каты дрэмлюць ціха
І ня сьніцца ім у во сьне, што пачнецца ліха.

  1. Перакручана і полёнізм: пабеларус. — даесьць дадзене.
  2. Лепей — удвойга, удвох.
  3. Правільна — канца.
  4. Ад лац. — herba, трава.
  5. Лепей — думках.
  6. надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.
  7. Русіц. — склікае.
  8. Полён. — малако.
  9. Польскае слова; пабелар — ветлівасьць, далікатнасьць.
  10. Полён. — пабелар. — чым-небудзь.
  11. З ням. — вучэньне.