Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ян. А што?

Якуб. Дзела,[1] бачыш, маю.

Ян. Ну, дык кажы, што там за дзела такое.

Якуб. (скрабучыся за вухам). Так, — бачыш, ваша, я як-бы за дзелам, а і пачаць ня ведаю з чаго…

Ян. Будзь здароў, пане браце. (П’е і налівае). Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзела маеш? Але перш чарку выпі.

Якуб. Дзякую. Калі-ж неяк і піці сорамна.

Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.

Якуб. Дзякую, дзякую!

Ян. Я, бачыш, вельмі упрашваць ня ўмею.

Якуб Ды не аб тое. Здаецца не цяпер мы знаемся.

Ян. Дык чаму-ж гэта ты

Якуб. Я, бачыш, ваша, на добры лад павінен бы сам да вас з гарэлкаю прысьці. А так то і пачаці ня ведаю з чаго…

Ян. Та-а-ак! Вось яно што…

Якуб. Ды ўжо-ж.

Ян. Праўда, што яно трохі непалюдзку. А дзе-ж ваш маладзец?[2] Чаму ён ня прыехаў?

Якуб. Га, мода цяпер такая.

Ян. Мода — модаю, а звычай — сьвятое дзела.

Якуб. Затым-то і мне так цяжка. Ці то мне пяршыня сватацца? Бо папраўдзе сказаўшы, ў сватаньні шчасьце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязьне.

Ян. Так, так…

Якуб. Сам ня ведаю, што рабіць; але мой кавалер[3] так захацеў.

Ян. Кепска, кепска.

Якуб. Кажа, што мода цяпер такая, што панашаму ня сватаюцца. А ён-жа ў гэтым дзеле маракуе, бо хлапец вучоны, шмат сьвету бачыў, у горадзе[4] бываў, усялякае навукі набраўся, дык ужо і ня жыве панашаму, але з культураю…

Ян. А што гэта такое?

Якуб. (Засароміўшыся, заікаецца). Ну, ку-ль-ту-у-рра…

Ян. Куль-куль-куль… нешта я гэтага ня ўцямлю. Што гэта: баба якая, ці што?

Якуб. (Заклапочаны). Папраўдзе сказаць, то я і сам ня ведаю, што гэта такое.

Ян. Ну, дык, чаму-ж ты гаворыш, чаго ня ведаеш сам? Наліха нам тыя выдумкі заморскія? Ці ў нас сваіх слоў не хватае?

Якуб. Ня гневайся, вашэць: гэта ён мяне так навучыў, каб зразу відаць было, што ён не абы-які кавалер

Ян. Ого-го! Штось мне гэта неспанараўна. А хто ён такі, ваш гэты заморскі паніч?

Якуб. Пранцішак.

Ян. Які Пранцішак? Адгэтуль?

Якуб. Ды гэты з Вішнеўкі, Карчэўшчык.

Ян. А-га-а-а. Гэта Антоняга,[5] вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі ня любіць і найболей у горадзе бадзяецца.

Якуб Для навукі, бачыш, усё.

Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць, за дзеўкамі валачыцца — вось гэткіх панічыкаў навукі.

Якуб. Мне ён казаў, чаго ён там вучыцца, але штось ня ўспомню.

Ян. Была калісь праўда, ды іржа зьела.

Якуб. Ну, дык як-жа будзе?

Ян. Пабачыма.

Якуб. Ды і дачцы скажэце, каб не працівілася. Усё-ж то такі паніч бывалы, далікатны, так, як нашы засьцянковыя.

  1. Лепей — справу.
  2. Малады жаніх.
  3. З франц.; конны язьдзец спачатку, рыцар, прыдворны, цяпер наагул дзяцюк.
  4. Ужываецца больш — у месьце, але правільна зусім і — горад;
  5. Пад уплывам польшчыны: Антона