Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раць нічога. Пад сьцяною, за сталом, сядзеў брухаты сам гандляр са сваім шапарам і запісаў прозьвішчы наймаўшыхся на сплаў мужыкоў. Ён сядзеў важна, спакойна і, не сьпяшаючыся, ставіў у кнігу свае выкрутасы і раз-ад-разу падымаў свой веснаваты[1] твар з рудою барадою й хітрымі вочамі і скоса пазіраў на людцоў. Шапар яго — жыд чарнявы, юркі — усё бегаў, махаў рукамі і, запляваўшыся, крычаў на мужыкоў.

— Гвалт! Ня крычэце, ня крычэце! Няхай адзін за ўсіх гаворыць! Чуеце? ша! — крычаў шапар, махаючы рукамі і плюючы на бараду.

— Што-ж, можна, няхай будзе й так… няхай адзін гаворыць, — загаварыў мужык. — Усё роўна. Гавары ты, Яўхім!

З грамады вышаў Яўхім у белай сьвіце ня вельмі высок, але ў плечах дужа шырок. Год яму пад пяцьдзесят было. І ён прышоў наймацца з сваім сынам Астапам. Ён выступіў на шаг з грамады і адкашляўся.

— Чакайце, сьціхніце! — загаманілі ў грамадзе, — Яўхім гаварыць будзе!

Вочы на Яўхіма. Ён ведаў, чаму людзі так усхадзіліся: ім не спадабалася пасуленая цана, але ён таксама ведаў, што ўсё-такі канец канцом пераможа, і гандляр заплаціць такую цану, якую сам захоча. Прыказчыкі яго загадзя бочку гарэлкі прыдбалі, якая там-жа стаяла і на якой сядзеў худы стораж пажылых год і трымаў у руцэ бляшаную кварту напагатове. Людзі памалу сьціхлі, а Яўхім зачаў.

— Вось што, пане купец: цану малую даеце. На гэтую цану нельга прыступіці. Па чатыры злоты за лаўку…[2] гэта нідзе ня відана. Гэта-ж — падумайце самі! — гэта-ж марац[3] на дварэ, а вада вялізная будзе… гэтак сьнег пагнала. Нельга з плытамі ўправіцца будзе. Другое-ж, і лодак мала… Па рублю дасьце, дык пагонім…

— Але, лодак летась саўсім мала было, саўсім мала, — загаварылі людзі. — А паспытай цяпер у воду па шыю лезьці…

— Ша, ша! — зашыкаў шапар, махаючы рукамі.

— Лодкі будуць, — важна адазваўся сам купец. — Я купіў. На гэтым тыдні прывязуць. Старых яшчэ пяць штук ёсьць,

— Куды пяць?! — зноў зашумелі. — Адна-ж саўсім гнільлё.

— Гавораць вам, будуць лодкі! — крыкнуў сам купец.

— Чуеце? Купец кажа, будуць лодкі! — кажа Яўхім.

Людзі заварушыліся. Некаторыя падыходзілі к Яўхіму, штурхалі яго ззаду і шапталі яму на вуха.

— Ну, што яшчэ? — спытаў купец. — Цана малая? Такая ўсюды, усюды такая цана. Якая цана ёсьць, такую і даю.

— Крыўдуюць, — кажа Яўхім: — Кажуць, што вельмі пакрыўдзілі тых, што дрэва тралявалі[4] ўзімку. Штрафаў шмат пазапісвалі. І цана ад лаўкі… заўсёды рубель плацілі.

— Гэ! штрафаў шмат запісалі! Гэ, чэрці! — закрычаў шапар. —

  1. Рабы, усыпаны рабаценьнем.
  2. Кавалак плыта.
  3. Сакавік месяц.
  4. Спускалі з пня.