Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А колькі дзён не адрабілі? Гэ?! — А потым, нахінуўшыся к купцу, штось пашаптаў.

— Вось што, братцы, — сказаў купец, выслухаўшы шапара: —

Калі вы добра да Птыча дагоніце — прашчу,[1] увесь штраф прашчу, усё заплачу, што задзяржаў. Па рублю ня дам: нідзе цяпер па рублю ня плацяць. Папытайце, дзе хочаце. Дам па семдзесят капеек і па кварце гарэлкі. Гарэлка — файн, харошая, моцная! Гарэлкі цяпер дам на задатак.

— У роце гарэць будзе, — зажартаваў шапар.

— Яно-то так, гэта — добра, — загаварылі мужыкі. — Адно на Востраве па рублю ад лаўкі плацяць.

— Ну, ступайце[2] на Востраў! — як-бы яму ня рупіла,[3] кажа купец.

— Няхай там і па дзесяць плацяць. Сказана, па 70 капеек цана, а там — як знаеце. Больш ня прыбаўлю.

Як-бы яны там доўга таргаваліся, няма ведама, — адно купец дагадаўся крыкнуць:

— Хто за семдзесят капеек ня хоча, выхадзі! Эй, запры крант і схавай кварту! Ня трэба гарэлкі!…

Як загаманіў купец так, нашы мужычкі як чагось зьлякаліся. Ні-то што-б[4] зарабаткаў ня ўтраціць, ні-то што-б гарэлка не ўцякла, а так, проста паверылі гандляру, што ён большай цаны даць ня можа.

Бо, апрача ўсяго, наш народ яшчэ ня так сапсован, як другія, і ён як сам праўдзівы і чысты, так і ў другіх справядлівасьць верыць.

— Да ўжо няхай і так будзе! Мо’ бог паможа, — адазвалася колькі чалавек.

За імі і другія сталі прыставаць на гэту цану, а некаторыя і не хацелі-б прыстаць, да грамада — не адзін чалавек. Дык мусілі і тыя вярнуцца і прыстаць на тое, на што грамада прыстала. Толькі адзін Пахом не паддаўся і хацеў быў ісьці. Пахом быў высокі і відны мужчына, хоць ліцо[5] яго было бледна.

— Гэй, гэй, Пахом! Куды пайшоў? — крычаў нішчэмненькі, у стоптаных лапцях чалавечак, ня пушчаючы Пахома ў дзьверах. — Усе згадзіліся, чаго-ж ты працівішся? Хадзем гарэлку піць! Вось зараз давацімуць.

— Не, — кажа Пахом, вагаючася, — у Востраве рубель даюць, дык я туды…

— Але-ж да Вострава мілі з чатыры, болей! — крычаў нішчэмненькі, — Ідзем, брат, ідзем!… Мужчынкі, цягнеце яго, а то ўпіраецца.

Пахом пастаяў, пагадаў, потым страпянуў чупрынаю, махнуў рукою і вярнуўся да грамады, якая стала націскаць і крычаць, каб скарэй запісвалі і гарэку давалі.

— Ша, цішэй, ня ўсе разам! — супакойваў купец. — Гэй, хто там наперад стаіць? Заві,[6] стараста!… Ты няграматны? На табе квітанцыю!… Стараста, стаў[7] пячаць!…

  1. Русіц. — дарую.
  2. Русіц. — ідзеце.
  3. Ня было цікава.
  4. Русіц. — пабел. — каб.
  5. Русіцызм, пабелар. — твар.
  6. Русіц. — паб. кліч.
  7. Стаўляй.