Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але, каб з гэтых двузлотак сабе што справіць — аздежыну якую, нікому, ды самой Ганульцы ніколі і ў галаву ня прыходзіла. Адзявалі яе хатнія: справяць што сабе, падносяць, пацягаюць, ды аддаюць тады ёй: „палатай, — кажуць, — добрая яшчэ для цябе адзежына будзе“. Цешылася Тамашыха з падарунку, латала і насіла. Інакшых радасьцяў Ганулька ня мела; і толькі, калі ўжо вырасла на сталую дзеўку, Васіль — хлопец з суседняй вёскі, спатыкаючы яе, зажартуе, бывала, загаворыць: „дурная ты, кажа, Гануля: цябе крыўдзяць дома і ты падаешся. Слухай лепш мяне, ўсё добра будзе“. І Ганулька, хоць баялася Васіля, але верыла яму і слухала. Слухала, ажно пакуль не пагналі Васіля ў салдаты, а яна зноў адна асталася. Адна? Каб-жа хоць на век аднэй можна было астацца! Але ўскорасьці падыйшла найгоршая бяда: радзіўся сынок… Выгналі Ганульку з хаты… прыйшлося сесьці кутам на дворнай пляцоўцы. Ой, трудненька прыходзілася Ганульцы, трудненька! І ня думалася ёй, што на сьвеце бяда ня мае канца, што можа быць яшчэ цяжэй… Памёрла Тамаша канцавога матка; патрэбна была ў хату гаспадыня, а што за п’яніцу ніхто не хацеў ісьці, абы якое прыстанішча[1] мець — пайшла Гануля…

І вось яна ўжо Тамашыхай стала, Тамашыхай гаспадыняй! Бяда толькі, што ня было надта над чым гаспадарыць: адна ўсяго кароўка, ды дзьве авечкі, каня нават ня было. Шнурок свой у запашку аддавалі, дык пражыць было цяжка. Але штотам пражыць? нейкі-ж лахман быў нацягнуць на сябе, а есьці? Улетку — шчаўя, грыбоў — гібель; а зімой — які там дзень? Зусім кароткі. Прыставіць саганок бульбы — на ўвесь дзень хапае! Вось толькі абы Васільку… ды каб-жа яму аднаму? ато і не агледзілася Тамашыха, як прыбыў Яначка, Пятрусь і вось гэты — Сьцяпанка. Сабе — як сабе, а дзецям трэба-ж даць хоць раз у тыдзень нейкі праснак,[2] ці блін, ды малачка калі ўліць. Ну і давала Тамашыха колькі мела; а на Каляды, на Вялікдзень нават скаромнае траплялася. А хоць і ў буднія дні, — каму — нашто тое — грэх наракаць: у пячурцы заўсёды ў запасе бульба валяецца, і ядуць яны яе, бывала, не раўнуючы, як тыя парасяткі — праз увесь дзень, дык голад каму-каму, а дзецям не дакучаў. Толькі вось, разважала далей Тамашыха, неяк сыць іх ня брала: жывоцікі праўда парасьпірала, але ручкі, ножкі, шыйкі — ажно жаль было глядзець — як тыя цэвачкі. А і сама яна, Тамашыха, неяк сохнуць стала ды моц[3] зусім страціла. Даўней, бывала, асьміну бульбы закіне на плечы і прымчыць з поля, а цяпер і кошык цяжка прыцягнуць. Не дзеля таго саслабела яна, што галодная была, або што Тамаш праз колькі-то год духі выймаў — біў, не — гэта што — глупства; вось, другі год ужо як ня б’е: зваліўся п’яны з рыштаваньня, захварэў і памёр, а ўсё-ж-ткі сілы не варочаюцца, — сну зусім няма з таго часу, як увалілася хвароба ў хату.

Гэткі-то хлопчык быў Васілька, ўспамінала сабе Тамашыха, гадкоў з дзесяць пэўна меў; аддалі на службу за падпаска; усё-ж ткі карміць дома ня трэба, ды чатыры рублі пэнсіі браў за летка. От і зарабіў! — вярнуўся са службы, стаў кашляць, хірлець і Каляд ня пры-

  1. прытулак.
  2. Прэсны хлеб.
  3. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.