Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не зважала на іх, бабы, пазалеўшы, парасьцягіваліся па вёсцы. Скончыла і Тамашыха сваю занятку[1], глянула на пустую, балоцістую вуліцу і, асунуўшыся на прызьбу, шаптала далей.

Што шаптала — сама добра не разумела. Ведала толькі, што так трэба. Трэба, бо, — бо знахарка Караліха, да каторай Тамашыха сягоньня яшчэ до́дня[2] заімчала курыцу, так і раіла: „Зачыні, казала яна, юшку, распалі агонь на прыпечку, насып гэтага, што табе даю, зельля, — хай курыць, а сама выйдзі з хаты, дый пілнуй, каб дым праз шчэліны не ўцякаў“. А калі Тамашыха спыталася, ях доўга трэба курыць, знахарка строіла так: „столькі часу куры, колькі займае сказаць шэсьць па шэсьць пацераў; тады, кажа, і варочайся ў хату — ўсё будзе добра“.

Шэсьць па шэсьць? Ня менш — то пэўна, а мо ўжо і болей, як шэсьць па шэсьць нашаптала пацераў Тамашыха; мо’ гэта і нядобра? Усхапілася з прызьбы, кінулася да дзьвярэй і расчыніла іх. Шугануў дым, цёмны едкі дым, грыз вочы, душыў у горле, але Тамашыха не зважала на гэта: вобмацкам мінула печ, дабралася да палка і нагнулася.

Там — з нацягнутай на галоўку грубой посьцілкай ляжаў Сьцяпанка — пацеха і ўся надзея Тамашыхі. Ляжаў ціханька і толькі худзенькая маленькая ручка зьвесілася з палка. Тамашыха асьцярожна падняла і палажыла гэту малую ручку на грудзі сына, а сама ціханька, каб не разбудзіць хворага, адыйшла, села на лаву і задумалася. І, ці то ад дыму, ці то ад гэтых думак, сьлязіна за сьлязіной капалі ў капалі з вачэй беднай кабеціны…

Задумалася Тамашыха. І ажно сама дзівілася, скуль можа брацца столькі бяды, столькі няшчасьця, сколькі ўсьцяж валілася на яе галаву. І за што? Грэшная? Мо’ яе грэх найважнейшы, найбольшы за ўсіх? Мо’ дзеля таго і пакутавае яна за ўсіх? Мо’ іншым за тое лягчэй жывецца? Ой, бо ці ўсё-ж яе жыцьцё не адна пакута? Не адна бяда? Не адна нядоля?

Змалку, помніць Тамашыха, калі была яшчэ ў Язэпавай хаце — там ужо пачалася яе нядоля — там першая. Бо ці-ж гэта не нядоля? — спаміж усіх дзяцей, якія гадаваліся тады ў Язэпа — адна яна ня мела маткі. У кожнай хаце былі дзеці, былі і маткі, а от-жа ў яе ня было. І калі, бывала, бачыла яна, як іншыя дзеці песьцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегала і яна — маленькая, худзенькая да тэй высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шаптала: „мама, мама, мама“. Але пяшчотаў, а яшчэ горш гэткіх слоў Тэкля ня любіла: „ня лезь, кажа, да мяне з гэткім — абуза[3], а ня дачка ты мне“. Плачучы, бегла тады малая Ганулька (Ганулька? гэта-ж яе некалісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які-колечы цёмны куточак, або ўціскалася ў запечак і, закрыўшыся, ціханька шаптала сама да сябе: „мама, мама, мама“…

Потым… што-ж было потым?… Ага: зімой крыху меншых за сябе дзяцей калыхала, насіла, хату замятала, бульбу скрабла, а ўлетку — ў поле ўжо стала ганяць. Прыгнаўшы на дзяніну, змораная бяжыць травы каровам, сьвіньням… Гэтак доўга было, бо неяк да сярпа не магла налажыцца, але пасьля і гэтага наўчылася. Стала хадзіць тады на заработкі і, як тая пчолка, зносіць двузлоткі ў хату.

  1. Свой занятак.
  2. Удосьвітку.
  3. Цяжар.