Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ку, мінуў прыгарадзьдзе і выехаў на сваю дарогу. Тут затуманіў люльку і толькі стаў надумвацца, што-б тут сказаць у вёсцы: адкуль, за што нажыў гэткую жывёлу, ажно ззаду нехта калі храпне па карку Сьцёпку, дык і не агледзіўся бядак, калі на зямлі апынуўся. Падняў галаву, глядзіць: цыган — гаспадар кабылы — стаіць над ім, крычыць, лае, дый зноў складаецца пражыць. Усхапіўся Сьцёпка, хацеў ужо даць цыгану здачы, але той давай нема раўсьці: „злодзей! злодзей!“ Надбеглі людзі, і як не растлумачваў ім Сьцёпка, як ні кляўся, як ні прасіўся, нічога не памагло: кожны тоўк яго, як сабаку на чужым дварэ, — гэтак зьбітага зьвязалі і павялі назад у горад. Там здалі Сьцёпку ў вучастак. Прабаваў і тут Сьцёпка выкладаць сваю справу, як ён і ня краў кабылы, як за яго маніўся заплаціць нейкі важны чыноўнік, але ніхто і слухаць не хацеў, а толькі кпілі[1] і сьмяяліся з яго.

На другі дзень выпрасіў-ткі Сьцёпка, каб завялі яго да таго чыноўніка. Завясьці — завялі, але той і не дапусьціў яго нават да сябе і, як ні артачыўся — Сьцёпка, а адтуль павялі яго ўжо проста ў турму і ўпхнулі паміж арыштантаў „да разбора дзела“.

Ліха яшчэ надало Сьцёпку прызнацца перад сваімі новымі таварышамі, за што і як папаў сюды. Думаў Сьцёпка іх разжаліць сваей доляй, а тымчасам — дзіва: зладзеі, разбойнікі і тыя адтрахнуліся[2] ад яго. „Здраднік! Юда!“ іначай і не адзываліся да Сьцёпкі…

Пакуль назначылі суд, Сьцёпка адседзіў у турме месяцы з чатыры; але, ці то яму той начальнік — зжаліўся — памог, ці як там было, выкруціўся-ткі неяк, небарака, з большай бяды і вярнуўся да дому.

З таго часу перастаў цягацца па вёсцы, бо абы толькі паказаўся — сталыя і малыя, мужчыны і бабы прыставалі да яго: „Сьцёпка, Сьцёпка, калі пойдзеш у заработкі?“


Гаротная.

У канцы вёскі каля старэнькай хаткі ўдавы Тамашыхі сабралася кучка баб. Кожная з іх штось гаварыла, кожная штось раіла, але Тамашыха ня чула і не разумела — ані іхніх гутарак, ані іхніх рад. З ахапкам брудных ануч пад пахай, шэпчучы штосьці пасінеўшымі ад холаду вуснамі, хадзіла яна ад вакна да вакна, ад вуглоў хаты да дзьвярэй і ўглядалася, ці не пакажацца дзе дымок. І праўда: працісаўся ён паміж лучынак, месцамі пазацягваных замест шыб у ваконныя рамы; працягваў і праз надгніўшыя вуглы хаты, — і праз пашчапаўшыяся ў дзьверах дошкі. Дзе толькі дагледзіла Тамашыха гэты дымок, хутка падбягала туды, выцягвала з-пад пахі анучыну, адрывала шматочак[3] і з усей сілы затыкала ім шчэліну.

Вецер раз-за-разам узрываўся, гудзеў паміж гнілых жардзей азяродаў, паміж дзе-ня-дзе цэлага яшчэ частаколу; са сьвістам прарываўся праз голыя галіны вялікай крывой вярбы і гінуў нейдзе ў далі. З пахмурнага неба сыпалася імжака. Нездаволеныя, што Тамашыха

  1. Полёнізм — насьмяхаліся.
  2. Русіц. — адтрасьліся, адпіхнуліся.
  3. Камячок.