Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скала вілкамі і чапялой у качарэжніку[1] і часьцей куксала свайго малога Сымонку, каторы круціўся каля спадніцы маткі.

Тымчасам Сьцёпка, выйшаўшы на двор, як сеў на прызьбе, дык і не скрануўся, ажно пакуль жонка ня клікнула палуднаваць. Па палудні пайшоў кратацца каля гаспадаркі і гэтак дацягнуў да вечара.

Ноч выдавалася Сьцёпку бесканечна доўгая. Доўгай і страшнай паказалася яна і Тацяне. Чаго ніколі даўней ня бывала, кідаўся Сьцёпка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрагалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку, дапытваючыся, ці ня чула, як сабакі брахалі і званочкі зьвінелі, і ледзь над раніцай крыху супакоіўся. Назаўтрае, праз увесь дзень ня выйшаў, як даўней бывала, на вуліцу, словам да нікога не адазваўся, толькі яшчэ больш згорбіўся, яшчэ ніжэй апусьціў галаву ўніз, як-бы баяўся, каб не заглянуў яму хто ў вочы.

Так прайпіло трое сутак[2]. На чацьвёртыя — з вечара, калі жонка з сынам ляглі ўжо спаць, Сьцёпка, запаліўшы лучыну, толькі стаў лапці падшываць, як пачуў, адазваўся на вёсцы сьпярша адзін сабака, пасьля другі, трэці… Твар Сьцёпкі зьбялеў, рукі і ногі так сталі калаціцца, што ледзь падняўся, ледзь дайшоў да лучыны, вырваў яе з лучніка, кінуў воб землю, затаптаў і, асунуўшыся на лаву, цяжка дыхаючы, стаў прыслухацца. Колькі гэтак сядзеў Сьцёпка — сам ня ведаў, і толькі, калі пачуў, як на вуліцы вёскі нешта затаркатала, затопалі конскія капыты, Сьцёпка як-бы ачнуўся. Праз сваё вакно бачыў Тацюк, як замігацелі агні па хатах, потым стаў высыпаць народ на вуліцу і, як тыя пчолы ў вульлі, загудзеў. — Пад вакно Тацюковай хаты падбегла суседка — Мар’яна, забарабаніла па ім і, крыкнуўшы: „Юрку і Кастуся забралі… кніжкі нейкія знайшлі“, пабегла далей. Сьцёпка ані скрануўся…

Мінуў тыдзень, другі, і выбраўся Сьцёпка ў тарговы дзень у горад. Сьпярша падышоў да знаёмага гарадавога, але з ім аніяк ня мог дайсьці да ладу: буркне нешта пад нос, ды адвернецца. Махнуў Сьцёпка рукой і пайшоў да таго чыноўніка, ў каторага сьпярша быў. Той, распытаўшыся, ці няма яшчэ якіх навін, сказаў Сьцёпцы прыйсьці па каня на другі торг. Прыйшоў ён на другі торг, — якраз начальніка дома не застаў. За трэйцім разам — часу таму ня было І гэтак, як стаў хадзіць, дык хадзіць, а ўсё нічога ня выходзе[3]; ажно пакуль аднаго торгу не спатчаўся ён нос у нос з гэтым сваім начальнікам на рынку. Круціўся, праўда, сьпярша той, як уюн, але ўрэшце згадзіўся ісьці каня купляць Сьцёпцы. Абыйшлі адзін, другі табун, пры трэйцім начальнік, гутарачы з гаспадаром-цыганом, нешта доўга замарудзіў, а пасьля і кажа Сьцёпцы „выбірай каня, садзіся і едзь“, а сам завярнуўся і пайшоў.

Сьцёпка абыйшоў гнядога — добры; паглядзеў у зубы буланаму — яшчэ лепшы, але найбольш спадабалася яму лысая кабыла: складная, сытая, ростам невялічка, — якраз на яго гаспадарку. Пакруціў яе ў адзін бок, пакруціў у другі, — „гэту можна?“ — пытае цыгана; — „прабуй, якога хочаш“, — адказвае той. Але што там Сьцёпку было прабаваць? Абы скарэй да дому — пахваліцца! Ўскочыў на кабылу, залопаў нагамі па бакох лысай і, трушком зьехаўшы з рын-

  1. Месца для качаргі, вілоў і г. д.
  2. Русіц; пабел. — пара.
  3. Провінц.; ня выходзіць.