Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з адным пастаіць, пагутарыць, то з другім за глупства завядзецца, — пасварыцца, — глядзі — ўжо і поўдня блізка, і, хоць як ня кідалася Сьцёпкава Тацяна, нічога не памагала: жылося, як той казаў, дрэнна.

А Сьцёпка не ад таго, каб жылося лепей, — чаму не? Але, каб гэта лепей само як-небудзь, скуль-небудзь звалілася, знайшлося. І хада Сьцёпкі была такая, быццам усё шукаў гэтага лепей. Апусьціў галаву, як той конь убоісты, ўніз, дый цягаецца, быццам чагось углядаючыся.

Многа, ці мала гэтак шукаў Сьцёпка свае долі, але вось аднэй неяк раніцы, пралайдачыўшы ўсю ночку ў падгарадзкім шынку, і варочаючыся з пустой кішанёй і цяжкай галавой да хаты, здалося яму, што такі знайшоў сваю долю. Стрымаўся[1] раптам, сярод дарогі і стаў з-пад лоба аглядацца, як-бы баяўся, каб яго думак хто не падглядзеў ці не падслухаў… Потым, крута завярнуўшыся скорым крокам[2] памахаў у горад. Прыйшоўшы на адну з вуліц, дзе стаяў знаёмы гарадавы (ня раз чарку перакульвалі разам — усей знаёмасьці), стаў з ім шаптацца. Доўга, надставіўшы вуха і ківаючы галавой, слухаў. пашаптушак Сьцёпкавых гарадавы, пасьля кіўнуўшы пальцам, павёў яго ў паліцыю.

Там зараз гэты самы гарадавы завёў Сьцёпку ў камору, дзе сядзеў за сталом нейкі чыноўнік, ці начальнік, а сам чмыхнуў адтуль. Жутка зразу зрабілася Сцёпку, мо’ ўжо і жалеў цяпер, што ажно сюды кінуўся шукаць свае долі, але неяк слова за слова (начальнік паказаўся Сьцёпку вельмі прыступным чалавекам) і ўсё, што было ў думках Сьцёпкі, вылажыў, як мае быць.

… Выйшаў Сьцёпка. Выйшаў, як-бы пасьля вялікай, цяжкай працы: спацелы, чырвоны, як рак. У моцна[3] заціснутым кулаку трымаў сярэбраны рубель… Але што цяпер знача Сьцёпку гэты рубель? Ого! Сьцёпка-бо ведаў цяпер, як зарабляць рублі. Калі захоча — не аднаго будзе мець. Вось захацеў, і будзе мець… як вам здаецца: што? Каня! Як мае быць каня — гаспадарскага каня. Трэба будзе толькі падыйсьці на торг, выбраць любога, а пасьля сеў і паехаў; аб цане і ня пытай! Ёсьць каму за яго плаціць!

Варочаючыся да дому, разважаў Сьцёпка: сказаць жонцы, ці не сказаць? Але такі надумаў не гаварыць: нашто бабе ведаць? Яшчэ гатова разбрахаць па вёсцы, а гэтага нельга, бо і заработак можа ляснуць[4].

Па дарозе зноў зайшоў Сьцёпка ў шыночак, знайшлася там знаёмая кампанія, а да таго быў рубель — было за што і пры чым пасядзець, дык ледзь уночы дацягнуўся да дому. І, ўвайшоўшы ў хату, намацаў палок і, рынуўшыся на яго, заснуў моцным, п’яным сном.

Сонейка ўжо высока паднялося, калі Сьцёпка расчухаўся, зьлез з палка, моўчкі насунуў шапку і высунуўся за дзьверы. Тацяна таксама быццам і ня бачыла мужа — ніводным словам не зачапіла яго. Яна добра ведала, што ніякое прычытваньне ня толькі не памагала, але яшчэ горш шкодзіла: Сьцёпка, на злосьць жонцы, кідаў тады ўсю работу і сьцягваўся з дому на колькі дзён. Хніпаючы і ўціраючы нос хвартухом, Тацяна ямчэй толькі перастаўляла гаршкі; мацней ля-

  1. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  2. Полён. — шагам.
  3. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  4. Трэснуць, прапасьці.