Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сякеры шчэпкі ляцелі… Але нядоўга яму прышлося працаваць: нагнуўся Лявон, глянуў на падсечанае месца, ткнуў туды тапарышчам і, адагнуўшыся, глыбока ўздыхнуў.

— Марыська, дзіцятка маё, — дрыжачым голасам пачаў Лявон, — бачыш? Гэта-ж тут усяго на палец абалоні А там парахня, адна парахня… А ведаеш чаму, гаротніца мая? Ведаеш? Гэта-ж твой боль, гэта-ж твой жаль спарахніў гэту бярозку, — бо ты доляй сваей жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такое долі… Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было штораз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, ўспомні, — ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасьця…

І Лявон, узяўшы рукамі галоўку свае пацехі, моцна[1] прыціснуў да сябе, а Марыська, тулячыся да бацькавых грудзей, прашаптала:

— Татачка, а чаму-ж паміж людзей я не знайшла каму пажаліцца?

Лявон маўчаў.


Пазыка.

Што пазыка ня кожнаму ідзе на карысьць, усякі хіба добра ведае на сваім уласным карку Пазнаў гэта мой карак, нават ня карак, а ногі

Было так выбраўся я ў Вільню, а што неяк, ня тут кажучы, сароміўся паказацца ў горадзе ў лапцёх, дык пазычыў боты ў суседа. Прыйшоў у Вільню: цягнуся ў Кальварыю. Аж тут на мосьце, што зроблены праз рэку Вілію, — бачу; нейкія два падросткі цягаюцца за чубы.

— Што вам, — кажу, — за ліха, абібокі вы гэткія, чаго вам не хапае, — гэта-ж сьмех і грэх

— „Дзядзенька, — кажуць яны, — дзярэмся[2] праўда, але дзярэмся з твае прычыны“.

Вось, — думаю, — ліха папала; з-за мяне — Янкі з Гаротнікаў — у Вільні чубы трашчаць?!.. Аж дзіва: скуль яны могуць знаць мяне? Але на сэрцы зрабілася неяк добра: як-бы ні было, а ўсё-ж гонар.

— Пакіньце, — кажу, — хлопчыкі, шкада мне вас, ды скажэце, ў чым дзела:

— „Як-жа ж, дзядзенька, во гэты гіцаль[3] кажа, што ў цябе шэсьць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць; ну, і ўзяліся за чупрыны“.

— А дзеткі-ж мае вы родныя, пакіньце цягацца, — кажу, — бо ў мяне і папраўдзе тыкеля[4] па пяць пальцаў на назе!

— „Не, — кажа старэйшы хлапец, — так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы“.

— Добра, — кажу, — хлопчыкі, супакойцеся, я вас пераканаю.

Зышлі мы на бок; сьцягнуў я бот, адкруціў анучыну, пералічылі яны мае пальцы, — пяць!…

  1. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  2. Русіцызм — чубімся, б‘ёмся
  3. Гіцаль — той, што б‘е сабакі, у пераносным значаньні — абманшчык, прайдак.
  4. Тыкеля — з пол. tak wiele, толькі, усяго.