Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяжка жыць, што і змогі ня будзе вытрываць, ня жалься нікому, нікому, хіба знойдзеш такую спрыяючую верную душу, як спрыяла і верна была для цябе душа твайго бацькі; ня знойдзеш — ідзі лепш у лес, выбяры, каторае табе спадабаецца дрэва[1], і яму аднаму, маё ты дзіцятка, душу сваю адкрывай, жаль свой вылівай.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Прайшло нямала часу. Паехаў Лявон дачкі даведацца. Вылецела Марыська з хаты, кінулася бацьку да кален; прыпала пасьля галоўкай да грудзей бацькавых, але ў скорасьці, як-бы засароміўшыся, адскочыла, спусьціла вочкі і стаіць, уся зьбялеўшая, толькі губкі дрыжаць…

Доўга Лявон моўчкі ўглядаўся на сваю пацеху, а пасьля памалу падыйшоў да яе і глухім, быццам не сваім голасам, стаў дапытываць:

— Цяжка?

— Ой, цяжка, татачка, — ўздыхнуўшы адказала дачка.

— Жалілася?

— Жалілася, — вышаптала Марыська.

— Каму?

— Бярозцы.

— А больш?

— Не знайшла каму.

— Нясі сякеру, пакажы мне гэтае дрэва, - сказаў Лявон.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Хістаючыся, як маладая ад буры бярозка, ішла наперадзе Марыся:

— Ой, татачка, — жалілася яна, — якая гэта была пекная[2] бярозка, якая гладкая Якія пекныя былі на ёй галінкі, а на галінках паўнюсенька зялёненькіх бліскучых лісточкаў…

Лявон маўчаў.

— Татачка, што ёй зрабілася? Гэта-ж цяпер лета… Чаму яна счарнела? Чаму здрабнелі, пакорчыліся яе лісточкі? Татка?!

Лявон маўчаў.

— Чаму жаўцеюць гэтыя лісточкі? Бачыш, татачка, лісточкі з яе ападаюць!.. Чаму галінкі свае яна ўніз апусьціла, быццам яны плачуць?

Не пасьпела слова скончыць Марыська, як цяжка грукнуў па дрэве абух… Як падстрэленая птушка, скокнула яна і схапіла за руку: старога:

— Татачка, не чапай. Не чапай, родненькі мой, — прасіла Марыся, — баліць… баліць…

Але Лявон, нічога ня кажучы, ізноў стукнуў абухам па дрэве: рэха не адазвалася — стук быў глухім, як-бы гэта не па дрэве, а па зямлі стукаў. Марыська стаяла воддаль, заламаўшы рукі і глядзела быццам на нешта вельмі страшнае, толькі з вачэй яе сыпаліся адна зя аднэю сьлязінкі, як сыпаліся пажоўклыя лісточкі з здрыгануўшайся пад абухом бярэзіны… Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару і, адагнуўшыся, са ўсяго маху запусьціў сякеру ў бярозу і, павярнуўшы тапарышча на бок, адшчапіў вялікую трэску. Дрэва заскрыпела, запішчэла, быццам стала жаліцца, як тое дзіця… а з-пад Лявонавай

  1. Полёнізм; пабелар. — дзерава.
  2. Полёнізм — прыгожая, харошая.