Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А. ПЕРАХОДНЫ ЧАС.

Як па часе, так і па характары свае творчасьці ніжэйпаданыя пісьменьнікі ёсьць вытварам пераходнага часу. Слова пераходны патрабуе вытлумачэньня ў тым сэнсе, што пераход мусіць быць ад аднаго чагосьці да другога. Мусім перш за ўсё сказаць, што наша навейшая літэратура амаль ня ўся цалком ёсьць адбіткам імкненьня да жыцьця перад усім сялянскіх гушчаў, а затым работніцкіх, г. ё. такіх, сярод якіх захавалася ад’знака цэлай нацыі — мова. Поруч з гэтым пачалі зьяўляцца творы з адбіткам ідэолёгіі вельмі блізкай да гэтых гушчаў розных інтэлігэнцкіх водценяў. Але раней гэтага ня было. Нашы пісьменьнікі XIX сталецьця, самі паходзячы з клясаў заможнейшых, адбівалі перш за ўсё і настрой гэтых клясаў. Рамантычны настрой, дзякуючы пэўным абставінам у жыцьці гэтых клясаў, распаўсюдзіўшыся па ўсёй Зах. Эўропе, знайшоў водгалас і ў нас. Рамантызм быў вядомы г. зв. народалюбствам часткі заможных клясаў, стараньнем падыйсьці бліжэй да простага народу. Але ў самай сутнасьці „народалюбства“ было праявай, адбыўшайся ў жыцьці вышэйшых клясаў і таму зьяўлялася рысай іх саміх. Гэта ня было імкненьне да жыцьця самога простага народу, не выяўляла мукаў яго жыцьця, а хутчэй было выпадковым стараньнем пэўных асобаў з заможных клясаў падыйсьці да гэтага народу. Народ „любіўся“ да пэўнай меры, ня тое, што ў літэратуры пазьнейшага часу, дзе гэты народ сам гаворыць, пяе, крычыць аб сваіх балячках.

Вось-жа між гэтымі дзьвюма порамі беларускай літэратуры, г. ё. порамі шляхоцкага рамантызму й сьвядомага выяўленьня думкаў саміх гушчаў пасьля больш шчырэйшых народніцкіх песьняроў (М. Бурачок і Я. Лучына), на пераходзе між імі і стаяць ніжэй паданыя пісьменьнікі. І яны „народалюбцы"“ і яны не выяўляюць зусім усіх злыбядаў простага беларускага народу, а падыходзяць да яго, стараюцца зразумець яго, часта, зразумеўшы, зусім зьліваюцца з народам і выказваюць тое, што выказваў кожны беларускі пісьменьнік у далейшым часе. Гэтае вось хістаньне, нясталасьць паданых пісьменьнікаў, якія-ж да таго паходзілі з дробнай шляхты, таксама пераходнай ад заможнейшых клясаў да простага народу, і надае ім выразны пераходны характар.