Рыгорыха. Не, ты будзь тут. Мы хутка ўправімся, Касперскі з падводаю чакае. Пасля сюды прыдзем. (Хутка пайшла.)
Бондар (задаволены, напявае). Добра маці сказала, што шчасце можа тады прыйсці, калі ты яго зусім не чакаеш. (3 рэвам праходзіць па дарозе, не спыняючыся, машына.)
Несцяровіч (падышоў з Ярашэвічам да Бондара, у руках паперы). Дзякуй, Кірыла Рыгоравіч! Гэта ён запрасіў нас так у госці, — не адпачылі мы ў цябе, а толькі больш стаміліся. Непарадкі на кожным кроку. Бачыў, колькі насыпалі заяў. (Перадае, падміргнуў Ярашэвічу.) Вось і будзеш жыць ад кампаніі да кампаніі… На, разбірайся!.. Пачалася новая «кампанія»… (Ідуць Вясніна і Рымша, шчаслівыя.)
Бондар (угледзеў іх, да Несцяровіча і Ярашэвіча). Ад Рымшы. (Нібы чытае.) …Прашу перавесці мяне… (Усміхнуўся.) Што-ж, Гальяш мой друг, трэба просьбу задаволіць. (Ідуць людзі на спатканне Дзянісавай.)
Вясніна (замахала рукамі). Не, не! Я пратэстую… Я дайду да райкома… Самому Несцяровічу паскарджуся…
Несцяровіч (усміхнуўся). А ты ўжо, Настася Піліпаўна, мяне і не заўважаеш…
Вясніна. Прабачце, Раман Мікалаевіч, за гэтым Рымшам я цяпер света белага не бачу… Засланіў ён мне вочы…
Рымша. Я назад бяру заяву…
Вясніна (цягнецца). І я… (Бяруць заявы.)
Бондар. А табе, Настася Піліпаўна, такі варта было-б паехаць на курсы…
Рымша (абурана). А яшчэ завецца друг…
Вясніна (усміхнулася). Можа хіба зімою… (Паглядзела на сябе.) А ну цябе, Рымша, усю выбеліў…
Рымша. З кім павядзешся…